Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант заявіла РИА Новости, што Аляксандар Лукашэнка ня будзе самаізалявацца ў сувязі з тым, што хакеіст прэзыдэнцкай хакейнай каманды заразіўся каранавірусам і шпіталізаваны з пнэўманіяй.
На пытаньне, ці здаваў Лукашэнка тэст на каранавірус, яна адказала, што цяпер у гэтым няма неабходнасьці. «Прэзыдэнт ня быў і ня будзе сыходзіць у ізаляцыю, аддаленку і іншае», — дадала яна.
Паводле Эйсмант, нядаўніх кантактаў з Лукашэнкам у хворага хакеіста не было. «Дзьмітры захварэў праз прыкладна тыдзень пасьля заканчэньня аматарскага чэмпіянату Беларусі па хакеі, калі ўся каманда знаходзілася ў адпачынку», — патлумачыла Натальля Эйсмант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гулец хакейнай каманды Лукашэнкі мае COVID-19Адказваючы на пытаньне пра самаадчуваньне Лукашэнкі, прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі сказала: «Не дачакаецеся! Як пацьверджаньне (добрага самаадчуваньня Лукашэнкі. — РС) — глядзіце на працоўныя будні прэзыдэнта, у прыватнасьці, рэпартажы беларускага тэлебачаньня зь сёньняшняга наведваньня прадпрыемства ў Бабруйску».
Паводле Эйсмант, ніякіх дадатковых захадаў, каб не дапусьціць заражэньня іншых гульцоў прэзыдэнцкай хакейнай каманды, не рабілі і рабіць ня будуць. Пасьля адпачынку каманда пачне трэніроўкі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ