Аляксандар Лукашэнка даручыў наладзіць экспарт ахоўных масак пасьля насычэньня беларускага рынку. Такую задачу ён паставіў 21 красавіка падчас наведваньня ў Бабруйску прадпрыемства «Славянка», паведамляе БелТА.
«Мы практычна, калі меркаваць па Магілёўшчыне, насыцілі маскамі рынак. Ужо няма той вастрыні, — сказаў Лукашэнка. — Але давайце гаварыць шчыра. За межамі попыт вялікі? Трэба рэалізоўваць. І мы кампэнсуем тыя выдаткі, якія панесьлі, закупляючы маскі па ўсім сьвеце».
Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц паведаміў Лукашэнку, што ў вобласьці штодня расходуецца 20 тысяч ахоўных масак, а шыюць каля 470 тысяч. Запэўнілі Лукашэнку і ў тым, што ў Беларусі «закрылі патрэбы мэдустановаў і аптэк у сродках індывідуальнай засьцярогі», «праблем з гэтым няма, калі дзесьці гэтыя вырабы адсутнічаюць, то гэта кропкавыя пытаньні, якія хутка вырашаюцца».
Лукашэнка дадаў, што калі ў нейкіх аптэках няма масак ці цана на іх моцна завышаная, зь імі варта «цьвёрда разабрацца», а так маскі «трэба прадаваць, калі ёсьць попыт», «трэба дапамагчы людзям».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржкантроль: маскі прадаюць у 89,2% аптэк. Пошук у аптэках: ёсьць у 7,6%Ці хапае масак для беларусаў
17 сакавіка ўрад часова забараніў вываз зь Беларусі некаторых мэдыцынскіх тавараў, у тым ліку мэдыцынскіх масак.
Цяпер, як паведамляў «Беллегпрам», у Беларусі за суткі шыюць амаль 2,3 млн масак. Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі 15 красавіка заявіў, што ў аптэках Беларусі «значна палепшылася» сытуацыя з мэдычнымі маскамі: цяпер іх прадаюць у 89,2% аптэк, аднак па онлайн-пошуку ў аптэках маскі знайшліся толькі ў 7,6% аптэк Беларусі.
Паводле онлайн-сэрвісаў, якія паказваюць наяўнасьць тавараў у аптэках, на момант публікацыі сайт apteka.103.by паказаў, што мэдычныя маскі ёсьць у 339 аптэках Беларусі з 3725 наяўных у базе, гэта 9%), а на сэрвісе Tabletka.by розныя віды аднаразовых і шматразовых масак ёсьць у дзясятках, а некаторыя — у некалькіх сотнях аптэк Беларусі (больш за ўсё масак-павязак з бавоўны, якія вырабляе «Світанак», — яны ёсьць у 450 аптэках Беларусі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эфэктыўнасьць ня большая за 10%. Генпракуратура загадала спыніць вытворчасьць масак бяз фільтраў16 красавіка Генпракуратура Беларусі накіравала старшыні канцэрну «Беллегпрам» і міністру аховы здароўя загад «аб скасаваньні парушэньняў заканадаўства пры рэгістрацыі і вытворчасьці мэдыцынскіх масак», заявіўшы, што эфэктыўнасьць масак, якія вырабляе канцэрн «Беллегпрам», не перавышае 10%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны проста называюцца „маскі“, гэта каб людзі не датыкаліся да твару». Разьбіраемся ў асартымэнце беларускіх вытворцаў
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ