Аляксандар Лукашэнка 21 красавіка наведаў бабруйскае прадпрыемства «Славянка». Там ён выказаў сваё стаўленьне да рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя, а таксама замежных сродкаў масавай інфармацыі.
Пра Сусьветную арганізацыю здароўя
Лукашэнка, як піша БелТА, згадаў Сусьветную арганізацыю здароўя (WHO), якая 21 красавіка выдала канчатковую справаздачу аб выніках місіі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ парэкамэндавала Беларусі спыніць масавыя імпрэзы і перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне. Лукашэнка: «Яны да нас любові ня маюць»«Яны да нас любові ня маюць, — заявіў Лукашэнка пра WHO. — Гэта міжнародная арганізацыя, у якой дастаткова заўсёды палітыкі. Яны прайшліся ўсюды, пайшлі нават у палаты, чаго я не чакаў. Яны нам шмат раілі, аж да карантыну, магчыма, камэнданцкі час. Як спэцыялісты яны кажуць: улада ня хлусіць. Усё як ёсьць, так і кажуць».
Пры тым WHO ня раіла ўводзіць у Беларусі камэнданцкі час або поўную ізаляцыю грамадзянаў — толькі ўзмацніць сацыяльнае дыстанцыянаваньне, скараціць неабавязковыя кантакты, перавесьці адукацыю на дыстанцыйны рэжым, а таксама ладзіць празрыстую і зразумелую камунікацыю з насельніцтвам.
Пра СМІ і Telegram-каналы
«Давяраць трэба таму, хто за свае словы адказвае, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — Выйшлі вы на які-небудзь з гадкіх каналаў, якія ў Маскве пахаваліся і адтуль плявузгаюць ў бок Беларусі, за што яны адказваюць? Ні за што. Думаюць, мы ж іх не дастанем. Калі трэба — дастанем. Ня ў гэтым сёньня пытаньне. Мы ж нікога не спыняем. Вы чытайце і рабіце высновы. І верце таму, з каго потым спытаць можна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апошні карантын-дысыдэнт». Расейскія тэлеканалы пра паводзіны Лукашэнкі падчас пандэмііЛукашэнка рытарычна спытаў, «ці варта гнацца за гэтай жаўцізной». Ён згадаў, што існуе і дзяржаўная беларуская тэлевізія, «дзяржаўны пункт гледжаньня».
«Я шчыра вам кажу, што мы ніколі ня хлусілі вам і ня хлусім цяпер, — заявіў Лукашэнка. — Я аднойчы ў сэрцах сказаў: „Мне-та чаго гэта хаваць? Я спарадзіў той псыхоз або каранавірус? Не. Вы спарадзілі ў Беларусі? Не. Нас узнагародзілі гэтым“. Гэта сьведчыць аб тым, што сьвет так глябалізаваны і так узаемазьвязаны, што сёньня ўжо не схаваесься нідзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Усе хочуць укусіць Лукашэнку, Беларусь» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прарвёмся». Лукашэнка не зьбіраецца адмяняць суботнік у сувязі з каранавірусам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: маскі і антысэптыкі ў школах — «глупства», «ашуканства» і «паказуха»Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.