Штогод з 2017-га Свабода вызначае найбольш актыўных у грамадзкім жыцьці людзей, да думкі якіх нам цікава прыслухацца і сёньня, у складаныя часы пандэміі каранавірусу. Мы зьвярнуліся да ляўрэатаў прэміі «Людзі Свабоды» Ларысы Жыгар, Святланы Коржыч, Алы Берналь і Аляксандры Чычыкавай.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Святлана Коржыч: «Чаму я мушу купляць сродкі засьцярогі за свае грошы?»
Жыхарка Пінску Святлана Коржыч, маці салдата Аляксандра Коржыча, які ў 2017 годзе загінуў у Печах, ужо на пэнсіі, але працягвае працаваць. Жанчына прадае цукеркі на гарадзкім харчовым рынку і наракае на кіраўнікоў, якія, паводле яе, не клапоцяцца пра тое, каб забясьпечыць сваіх работнікаў сродкамі аховы ад каранавірусу.
«Даводзіцца ўсё купляць за свае: купіла адмысловыя акуляры, пальчаткі, яшчэ патрабуюць набыць маску. Але чаму мне, каб працаваць на сваім працоўным месцы, трэба гэта купляць за свае грошы?», — абураецца Сьвятлана Коржыч.
За сябе жанчына не баіцца. Кажа, пасьля ўсяго, што перажыла ў сувязі са сьмерцю ў войску сына Аляксандра, яе ўжо нічым не запалохаць. Але Святлана баіцца за іншых людзей, пра бясьпеку якіх начальства, на яе думку, таксама ня думае.
«Давялося зайсьці на пошту, а там поўна старых пэнсіянэраў, якіх выклікалі аплаціць камунальныя плацяжы. Сядзяць бяз масак, упрытык, адна ля адной. Дык хіба ў такі час нельга арганізаваць, каб да іх дамоў прыйшлі і ўзялі тыя грошы? Вось мая маці на пошце 40 гадоў адпрацавала, і я добра ведаю, што, калі трэба, могуць усё арганізаваць і ўсіх абысьці. Толькі трэба ўжо паштальёну даць сродкі засьцярогі. Але не — хай лепш старыя на пошту цягнуцца. Гэта не клопат пра людзей, а наадварот», — мяркуе Сьвятлана Коржыч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек Свабоды – 2018» Сьвятлана Коржыч: «Гэты характар у мяне ад прабабкі»
Ала Берналь: «Дзяржава мусіла папярэдзіць, што ўсе цэрквы будуць закрытыя»
Актывістка «Маці 328» Ала Берналь — цырульніца, яна жыве ў Менску. Цяпер ёй даводзіцца працаваць усяго 1-2 дні на тыдні, у яе значна ўпалі заробкі. Але больш жанчыну засмучае тое, што вакол яе шмат людзей абыякава ставяцца да перасьцярог аб небясьпецы каранавірусу. На думку Алы Берналь, тон у гэтым задае беларускае кіраўніцтва і беларуская тэлевізія.
«Яны мусяць увесь час гаварыць людзям, каб насілі маскі, каб карысталіся сродкамі дэзынфэкцыі ды сядзелі па дамах. А чаму ў асноўным старыя людзі пайшлі ў цэрквы на Вялікдзень, пайшлі сьвяціць яйкі і булкі? Бо яны не карыстаюцца інтэрнэтам і бяруць інфармацыю толькі зь дзяржаўнай тэлевізіі. Іх лёгка дэзарыентаваць. Ну дык трэба было ім адназначна сказаць, што хадзіць у цэрквы нельга, што для іх будзе онлайн-трансьляцыя службаў па тэлевізіі. Але ў нас адзін царкоўны начальнік кажа адно, а другі, вышэйшы, іншае. Так і атрымалася, што ня проста ідуць у царкву, але і крыж ды ікону цалуюць. Што будзе потым, зразумела», — кажа Ала Берналь.
На працы, у крамах і грамадзкіх месцах Ала Берналь знаходзіцца толькі ў масцы і пальчатках.
«Меры засьцярогі патрэбны ня толькі мне, але і людзям вакол мяне. Гэта мой сыгнал ім, што я пра іх думаю і прашу думаць пра мяне. Бо мы мусім берагчы адзін аднаго. Ніхто ня ведае, хто з нас хворы, а хто толькі разносчык каранавірусу, але толькі так мы можам яго перамагчы», — мяркуе Ала Берналь з руху «Маці 328».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі Cвабоды – 2019» — «Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулу
Аляксандра Чычыкава: «Давялося спыніць так шмат асабістых кантактаў»
Тры гады таму Аляксандра Чычыкава была прызнана «Міс сусьвет-2017 на інвалідным вазку». Дзяўчына вядзе вельмі актыўны лад жыцьця, які цяпер давялося прыцішыць.
«Сапраўды, для мяне гэта вельмі цяжкі момант, бо мы мусілі спыніць адзін праект, на які я вельмі разьлічвала. У ім было вельмі шмат асабістых кантактаў, плянавалася далучыць шмат цікавых людзей, а цяпер усё спынілася. Я вельмі шкадую і перажываю», — падзялілася Аляксандра.
Пры гэтым дзяўчына прызнае, што, з другога боку, яна цяпер можа больш увагі ўдзяліць тым блізкім людзям, якім яна патрэбна.
«Гэта ня страх як такі, але асьцярога за маіх родных, асабліва за тых, хто ў паважаным узросьце. Таму часьцей ім званю, цікаўлюся, ці яны выконваюць усе захады засьцярогі, спрабую падтрымаць іх маральна. Ім гэта вельмі важна — адчуць, што пра іх клапоцяцца», — кажа дзяўчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь неабмежаванымі магчымасьцямі: 10 беларусаў, якія ламаюць стэрэатыпы пра інвалідаўАляксандра носіць маску, мые рукі мылам і сродкамі дэзынфэкцыі.
«У крамы езьдзіла раз на тыдзень, але цяпер думаю перайсьці на дастаўку харчоў на дом, гэтак надзейней», — кажа дзяўчына.
Захады, якія прымаюцца ў краіне супраць распаўсюду каранавірусу, яе задавальняюць толькі часткова.
«Не адна Беларусь не ўвяла карантыну, але, на маю думку, нашым уладам варта б было праявіць большы клопат пра здароўе грамадзян. Трэба больш адукоўваць людзей, больш даваць ім магчымасьцяў заставацца дома, калі яны гэтага хочуць. Вось вырашылі аднавіць заняткі ў школах, але, мяркую, гэтага ня варта было рабіць. Бо гэта дзеці, калі іх будзе шмат у адным памяшканьні, дык, як ні засьцерагайся, кантактаў не пазьбегнуць. Мы ўсе вучыліся ў школах і ведаем, што там і як адбываецца», — папярэджвае Аляксандра Чычыкава.
Ларыса Жыгар: «Сын шые маскі на замову, а сама я маскі не надзяваю»
Лідэрка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар стала жыве ў Горадні разам з сынам Максімам. У канцы мінулага года Максім вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі. Паводле Ларысы, і ў гэтыя дні да сына прыходзяць сябры, у тым ліку тыя, з кім пазнаёміўся ў вязьніцы.
«Яны думаюць не пра каранавірус, а толькі пра будучае жыцьцё, настроеныя на лепшае і шчасьлівае», — кажа актывістка.
«Радасьць, што сын нарэшце на волі і можа пачаць новае жыцьцё, мне не закрые ніякая пандэмія», — расказвае пра настрой Ларыса Жыгар. Актывістка «Маці 328» паведаміла, што яе сын Максім часам шые на замову маскі, якія карыстаюцца вялікім попытам. Але ні сам, ні яна масак ня носяць.
«Што асабіста да мяне, дык чалавек я глыбока веруючы і спадзяюся, што Бог мяне зьберажэ. А калі што, дык нічога не зробіш, будзе што будзе. Перажываю больш за дзяцей і ўнукаў. І ня толькі за сваіх, але за ўсіх. Прытрымліваюся захадаў засьцярогі: з дому выходжу па мінімуме, часьцей мыю рукі, пры кантактах зь людзьмі захоўваю адлегласьць, але зусім ізалявацца немагчыма. Вось цяпер унукі ў школу ня ходзяць, але карантын у нас жа не абвешчаны, бацькам на працу трэба, дык, вядома, дачцэ дапамагаю — а куды я падзенуся? Даводзіцца да іх езьдзіць. Яшчэ баюся, каб сытуацыя не ўскладнілася, каб не пачалося, як у Заходняй Эўропе, дзе лік на тысячы памерлых. Гэта будзе жахліва», — кажа Ларыса Жыгар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За маці мне дзякавалі на каленях». Сыны актывістак матчынага руху вярнуліся дахатыАктывістка шчыра прызналася, што дваіста ставіцца да захадаў, якія прымаюцца беларускай дзяржавай, каб не дапусьціць пашырэньня эпідэміі.
«З аднаго боку, я бачу, што карантын — гэта лепш за тое, што ў нас, калі ўсе працягваюць езьдзіць па краіне, ходзяць дзе заўгодна. Але з другога боку, калі нас усіх закрыюць, дык хутка ж прадукты закончацца, прадпрыемствы ж мусяць працаваць. Але адназначна, што ад масавых падзей, як парады, трэба адмовіцца. І ў школы дзяцей ня варта пакуль вадзіць. Вось калі гэта схлыне, калі ня будзе павелічэньня захварэлых, тады можна будзе падумаць пра тое, каб адкрыць школы. Але пакуль рана», — лічыць Ларыса Жыгар.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ