Шэраг расейскіх апазыцыйных палітыкаў і актывістаў анансаваў на сайце «Открытые медиа» інтэрнэт-мітынг «За жыцьцё», які заплянавалі 28 красавіка на Youtube.
Галоўнымі патрабаваньнямі стануць фінансавая падтрымка дзяржавай насельніцтва на час пандэміі каранавірусу, вызваленьне малога бізнэсу ад падаткаў, а таксама скасаваньне галасаваньня аб папраўках у Канстытуцыю Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сталіцы адной з рэспублік РФ адбыліся сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй. ВІДЭАСвой удзел у мітынгу пацьвердзілі палітыкі Дзьмітрый Гудкоў, Леў Шлосберг, Максім Рэзьнік, Юлія Галяміна, Канстанцін Янкаўскас, журналісты Андрэй Півавараў і Ільля Азар, эканаміст Сяргей Гурыеў, адвакатка Марыя Эйсмант.
Адзін з арганізатараў падзеі, прэс-сакратар руху «Открытая Россия» Канстанцін Фамін, расказаў, што фармат абяцае быць блізкім да звыклага вулічнага пратэсту: удзельнікаў зь іхнымі плякатамі будуць выводзіць на экран нароўні са сьпікерамі.
Журналіст Ільля Азар у сваю чаргу адзначыў, што «онлайн-мітынг цяпер – адзіная магчымасьць выказаць сваю пазыцыю», пры гэтым, на яго думку, шматлюднасьць мітынгу будзе важная ня менш, чым на любой вулічнай акцыі: яна вызначыць, заўважаць яе ўлады ці не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі — 6060 новых выпадкаў захворваньня на COVID-19. Большы рост толькі ў ЗША