Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 красавіка анансаваў кандыдатуру на амбасадара ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Ёю стала Джулі Фішэр.
Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працавала ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.
Джулі Фішэр, кар'ерная дыпляматка, цяпер займае пасаду намесьніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Заходняй Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу.
Раней яна была часовай паверанай у справах у амбасадзе ЗША ў Расеі, намесьніцай кіраўніка місіі ЗША ў NATO, намесьніцай дырэктара офісу генэральнага сакратара NATO, дарадцай у палітычных і эканамічных справах у амбасадзе ЗША ў Грузіі, а таксама займала адміністрацыйныя пасады ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.
Фішэр атрымала ступень бакаляўра ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны і ступень магістра ў Прынстанскім унівэрсытэце. Яна валодае расейскай, францускай і грузінскай мовамі.
Прызначэньне Фішэр яшчэ не зацьвердзіў Сэнат. Калі гэта адбудзецца, пакуль невядома, таму што сустрэчы не праводзяцца з прычыны пандэміі каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і БеларусьсюПра яе верагоднае прызначэньне яшчэ ў лютым пісала амэрыканскае выданьне Foreign Policy.
ЗША адклікалі свайго амбасадара ў Менску ў 2008 годзе, калі прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка загадаў скараціць колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у краіне.
Адносіны паміж краінамі пагоршыліся пасьля ўвядзеньня Вашынгтонам санкцый супраць парушэньня правоў чалавека і палітычных рэпрэсій падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ў Беларусі.
ЗША і Беларусь упершыню абвясьцілі пра пляны абмену пасламі у верасьні 2019 году, калі высокі чыноўнік Дзярждэпартамэнту Дэвід Гэйл сустрэўся з Лукашэнкам у Менску.
Пра хуткае прызначэньне амбасадара ў Беларусі заявіў падчас візыту ў Менск 1 лютага дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША неўзабаве прызначаць амбасадара ў БеларусіЯк разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.