Сям’я Гуляшовых зь вёскі Кароўчына, што ў Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне, тры гады таму пасьля канфліктаў зь дзяржаўнымі органамі заявіла пра адмову ад беларускага грамадзянства. Як на сям’ю, якая пазьбягае дабротаў цывілізацыі і гаспадарыць нібы ў даіндустрыяльную эпоху, паўплывала пандэмія каранавірусу, — у публікацыі Свабоды.
Сваё рашэньне адмовіцца ад грамадзянства Гуляшовы патлумачылі «супярэчнасьцю ладу жыцьця ў дзяржаве з сваімі рэлігійнымі поглядамі». За прамінулыя тры гады вяскоўцы зьвялі стасункі зь дзяржавай да мінімуму. Свой адасоблены лад жыцьця называюць «маральна-духоўным удасканаленьнем».
Пашырэньне каранавірусу ўмацоўвае перакананасьць вяскоўцаў, што іхнае бытаваньне «ў гармоніі з прыродаю і вераю ў Бога» — паратунак ад цяперашніх нягодаў. Пра жыцьцё побач з каранавірусам апавядае бацька сямейства Андрэй Гуляшоў. Акрамя яго, беларускіх пашпартоў ня маюць жонка Ларыса і двое іхных дзяцей — Раман і Варвара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’я, якая адмаўляецца ад пашпартоў, школы, войска і дзяржавы. ВІДЭАГуляшовы: «Мы жывём згодна з сваім плянам»
Сядзіба Гуляшовых — на ўскрайку яшчэ даволі вялікай вёскі Кароўчына, за 50 кілямэтраў ад Магілёва. Як і раней, большую частку работ яны выконваюць уручную. У іхнай гаспадарцы конь з двума жарэбчыкамі, бык, карова, авечкі куры, індыкачкі. Гектар зямлі. У краму здаюць бытавыя адыходы, а купляюць у ёй толькі самае неабходнае.
Андрэй Гуляшоў кажа, што апошнія некалькі месяцаў перасталі купляць крупы. Ад паездак у горад наагул адмовіліся. Дачка ў школу ня ходзіць, хоць у журнале і запісаная вучаніцай 9 клясы. Паводле бацькі, перастала хварэць. На сына больш не насядае ваенкамат.
Па словах Андрэя, у Кароўчыне ён не заўважыў, каб каранавірус выклікаў асаблівую трывогу. Некаторыя зь землякоў пазьбягаюць вітацца за руку, а паштальёны, як заходзяць у хату да пажылых, надзяваюць маскі.
Гаворачы пра небясьпеку хваробы для сваёй сям’і, Андрэй заўважае, што «нядоля праходзіць міма, бо жывуць яны на закрытай тэрыторыі самі па сабе». Заканамернасьць гэта ці выпадковасьць — пакажа час, дадае ён.
«Мы ж жывём згодна з сваім плянам, — кажа суразмоўца. — Нашы незычліўцы прыціхлі, бо цяпер адусюль гавораць пра самаізаляцыю, а яна для нас будзённасьць. Калі б і хацелі прарэклямаваць сваё жыцьцё, то каранавірус зрабіў гэта найлепей. Небясьпека нас падштурхоўвае далей ісьці абраным шляхам, і так выглядае, што цяперашнія страхі штурхаюць людзей за намі».
Андрэй лічыць: самаізаляцыя павінна стаць нагодай для асэнсаваньня мінулага жыцьця і разуменьня, што пасьля каранавірусу сьвет ужо ня будзе ранейшым.
«Мы пакуль не зразумелі, што самі вінаватыя ў тым, што робіцца навокал», — адзначае ён.
«Трэба прызнаць: чалавецтва зайшло ў тупік»
На думку Андрэя Гуляшова, пандэмія каранавірусу — гэта вынік ігнараваньня цяперашняй цывілізацыяй законаў прыроды і веры ў Бога.
«Гэта, вядома ж, страшна і павінна палохаць людзей, — кажа ён. — Палітыкам і ўсім, хто вырашае лёс чалавецтва, трэба прызнаць, што мы зайшлі ў тупік».
Па словах Андрэя, чалавецтва не было падрыхтаванае да такіх сюрпрызаў, як каранавірус. Яно ўпэўніла сябе, што з такой эпідэміяй не сутыкнецца, і «таму столькі людзей і мрэ».
На погляд Андрэя, паратунак ад каранавірусу знойдуць у «цывілізаваных краінах». Стымулам для гэтага стануць трагічныя яго наступствы.
«Калі людзі вымруць, то што тады бязь іх будуць рабіць правіцелі? Каму патрэбная эканоміка безь людзей? — тлумачыць сваю пазыцыю Гуляшоў. — Але калі знойдуць вакцыну супраць каранавірусу, зьявіцца іншая хвароба. Неабходна зразумець, што трэба мяняць жыцьцё».
«Чаму б было ня ўвесьці карантын?»
Гуляшоў кажа: беды, зьвязаныя з пандэміяй каранавірусу, для Беларусі толькі пачынаюцца. Ён спасылаецца на афіцыйныя прагнозы, згодна зь якімі «на некалькі тыдняў наперад статыстыка заражэньня хваробай будзе прырастаць штотыдзень 300-400 новымі выпадкамі».
Суразмоўца адзначае, што ўжо надышоў час, калі чалавек староніцца другога чалавека, каб аберагчы сябе. Працяглы час у ізаляцыі стане выпрабаваньнем, зь якім ня ўсе справяцца.
Як ён мяркуе, сытуацыя з каранавірусам выявіла бездапаможнасьць і непасьлядоўнасьць дзеяньняў кіраўніка дзяржавы, які «раней запрашаў усіх у Беларусь вучыцца эканоміцы і дэмакратыі, а калі зьявілася патрэба ўвесьці карантын, то высьветлілася, што на яго няма сродкаў».
«А далей будзе горай, і мы можам апынуцца ў сытуацыі, калі на работу ня будзе каму хадзіць. Чаму ж ня ўвесьці было карантын на які месяц? Гэта пакуль толькі кветачкі, а далей будуць ягадкі», — прагназуе Гуляшоў.
Вяскоўцы: Гуляшовы жывуць як жылі, а вёска ў няпэўнасьці
Гуляшовы ў Кароўчыне — мясцовая славутасьць. Іхны адасоблены лад жыцьця не застаецца без увагі вяскоўцаў, а каранавірус толькі абвастрыў цікавасьць да яго. Пра набліжэньне хваробы ў вёсцы ведаюць з расклееных абвестак ды паведамленьняў на радыё ды ў тэлевізіі. У краме і на пошце работнікі ў масках. Самі вяскоўцы абыходзяцца пакуль бязь іх.
Тым ня менш паволі небясьпека мяняе паводзіны жыхароў. У вёсцы кажуць, што найбольш устрывожаныя каранавірусам пажылыя, якія найбольш часу праводзяць цяпер у хатах. Непакояцца і тыя, хто разумее, якую пагрозу нясе хвароба.
«Гуляшовых больш не называюць дзікімі і дзіўнаватымі, а іхнае жыцьцё не выклікае насьмешак, — адзначае адна з жыхарак Кароўчына. — Каранавірус змусіў крытыканаў задумацца, і яны, калі гаворка заходзіць пра Гуляшовых, маўчаць, бо яны як жылі, так і жывуць, а вёска ў няпэўнасьці».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ