Пандэмія каранавірусу і ўвядзеньне карантыну ў большасьці краін справакавалі новую мадэль паводзінаў людзей. Адно зь яе наступстваў — пераасэнсаваньне дачыненьняў.
Са зьяўленьнем такіх паняцьцяў, як сацыяльнае дыстанцыяваньне і ізаляцыя, многія пары апынуліся ў новых, нязвыклых для сябе ўмовах.
З пачатку сакавіка ў Кітаі, дзе эпідэмію ўдалося спыніць, была зарэгістраваная рэкордная колькасьць разводаў. У гарадах Сіань, Дачжоу і правінцыі Хунань чэргі на падачу дакумэнтаў завалілі рэгістрацыйныя службы працай на тыдні наперад.
Службоўцы бюро грамадзянскіх справаў у правінцыях Юньнань, Шэньсі і Нінся-Хуэйскім аўтаномным раёне Кітаю адзначаюць, што дзьве траціны заяваў на развод за мінулы месяц былі складзеныя з прычыны стрэсу і цяжкасьцяў, якія ўзьніклі ў выніку карантынных захадаў.
Кандыдат псыхалягічных навук і лектар Адкрытага ўнівэрсытэту і Ўнівэрсытэту Ардэн ў Лёндане Яна Нікалава лічыць, што праблемы падчас сумеснага карантыну абумоўленыя дынамікай адносінаў партнэраў да ізаляцыі. Яна тлумачыць гэта тым, што адсутнасьць моцнай эмацыйнай сувязі і прапрацоўкі ўнутраных канфліктаў становіцца трыгерам агрэсіі падчас зьнешняй крызыснай сытуацыі, як у выпадку з пандэміяй.
«Калі абодва партнэра занятыя паўсядзённымі справамі, яны праводзяць менш часу разам, іх схаваныя канфлікты ў нейкім сэнсе разбурае праца, абавязаньні, зарабляньне грошай, падарожжы, сваякі, сябры і іншыя фактары. Аднак калі партнэры нарэшце аказваюцца разам, усе схаваныя канфлікты выходзяць на паверхню», - тлумачыць Яна Нікалава.
Імпульс да сумеснага жыцьця
Дзяніс і Люба разам зь верасьня 2019 году. Увесь гэты час яны чаргавалі працу і кароткія сустрэчы па выхадных альбо ў Маскве, у Любы, альбо ў Барсэлёне, дзе працуе Дзяніс.
Пандэмія і ўзмацненьне жорсткасьці карантынных мер сталі для пары штуршком да таго, каб паспрабаваць пажыць разам. «Мы да гэтага ішлі. Проста адкладалі на будучыню: вось пасьля гэтага, і таго, можа, паспрабуем! А тут вось ужо», — дзеліцца Дзяніс.
Седзячы ў самалёце Масква — Барсэлёна, Люба, якая вось-вось павінна была паляцець да Дзяніса на сакавіцкія сьвяты, даведалася, што пасьля вяртаньня ў Расею ёй трэба будзе прайсьці двухтыднёвы карантын. Рашэньне давялося прымаць хутка, — на шчасьце, яны зь Дзянісам загадзя зразумелі, што чамадан ёй лепш узяць большы, а котку пакінуць маме. Так Люба засталася ў Барсэлёне.
У сувязі з пандэміяй выданьне, у якім яна працавала, прыпыніла выпуск друкаванай вэрсіі, і дзяўчына засталася бяз працы. Пакуль Дзяніс працягваў працаваць з дому, Люба занялася онлайн-трэніроўкамі, вывучэньнем гішпанскай мовы і працягнула працаваць як фрылансэр.
«Я спрабавала стварыць нейкі рэжым і прытрымлівацца яго, каб гэта ўсё ня ціснула на псыхіку», — тлумачыць Люба. Каб падтрымліваць свой эмацыйны стан, яна працягнула кансультавацца з псыхолягам: «Я даўно працую з псыхолягам раз на два тыдні, таму я не павялічыла колькасьць сэансаў. Але мае кансультацыі ня зьвязаныя з пандэміяй або чымсьці такім, а хутчэй з тым, што ў мяне рэзка памянялася асяродзьдзе і жыцьцё, якое давялося перабудоўваць».
Даніла Антонаўскі, сузаснавальнік сэрвісу для онлайн-кансультацый з псыхатэрапэўтамі «Ясна», дзеліцца, што не заўважае ніякіх усплёскаў ці падзеньняў у працы сэрвісу з тых часоў, як пачаўся карантын. Даніла зьвязвае гэта з двума фактарамі, якія ўраўнаважваюць адзін аднаго: павелічэньне патрэбы ў псыхатэрапіі ў сувязі з трывогай, з аднаго боку, — і пагаршэньне фінансавай сытуацыі ў краіне — з другога.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Даніла лічыць, што ва ўмовах ізаляцыі адносіны паміж партнэрамі не пагаршаюцца, але становяцца вастрэйшымі.
«Калі раней чалавек мог „адцягнуцца“, ці, лепш сказаць, разрадзіцца, з дапамогай працы, сустрэч, спорту ці нейкай актыўнасьці, то цяпер такой магчымасьці няма — і тыя канфлікты, тая агрэсія, тыя прэтэнзіі да партнэра і да самога сябе, што схаваныя ўнутры кожнага з нас, становяцца больш відавочнымі. Тут трэба сказаць, што незалежна ад таго, з кім застаецца чалавек — з партнэрам або адзін, ён у першую чаргу застаецца з самім сабой. Ва ўмовах карантыну абвастраюцца ў першую чаргу ўнутраныя, асабістыя канфлікты. А ужо зь імі кожны спраўляецца па-рознаму».
«Істотны бытавы складнік»
У адрозьненьне ад многіх масквічоў, Марыя і Марат самаізаляваліся раней за афіцыйны карантын. Разам з сынам Сашам яны сядзяць дома ад 9 сакавіка. З прычыны крызісу Марат, які раней працаваў у адной кампаніі з Марыяй, падпаў пад скарачэньні. Цяпер ён займаецца хатнімі справамі, а Марыя працягвае працаваць з дому. «Праблем з такім рэжымам у прынцыпе няма, проста я зусім бяз справы сяджу дома, і ня выйсьці на вуліцу. Хатнія заняткі так палягчаюць побыт. А з трывогай мы ніяк не змагаемся», — кажа Марат.
«Я пэрыядычна троху гістэру, — дзеліцца Марыя. — Я зразумела, што калі я паралельна з працай чытаю навіны, у мяне такі бум адбываецца. Па вечарах, я шчыра скажу, выпіваю. Ну гэта значыць бязь віна ў мяне вечар ня вечар. Марат, вядома, у меншай ступені. У асноўным я прапаную: «А давай вып’ем!» Таму што гэта сапраўды згладжвае. Калі я пачынаю верашчаць, Марат кажа: «А-а-а, супакойся, хопіць гэта чытаць!» І ўсё. Я ў прынцыпе гіпахондрык, вельмі трывожны пацыент. І мне ўсё роўна, што там з працай і фінансамі, проста вельмі хочацца, каб гэтае г... хутчэй скончылася».
Марат заўважае, што да карантыну ў Маскве многія ставяцца абыякава: «Усе кажуць нейкія розныя рэчы, то QR-коды ўводзяць, прэзыдэнт кажа адно, прэм’ер іншае, ніхто не разумее, што ў выніку адбываецца. Выходзіць на вуліцу нельга — штрафы і гэтак далей. Я выходзіў у краму, і народу куча, ніхто не трымае дыстанцыю. У крамах зь дзецьмі, на вуліцах зь дзецьмі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы гуляемся ў дактароў, якія шукаюць лекі ад вірусу». Натхняльныя парады пра самаізаляцыю зь дзіцем ад мастачкі Волі Кузьміч
Інакш ідуць справы ў Чэхіі, дзе правілы карантыну выразна пазначаныя, а людзям дазволена выходзіць на вуліцу. Менавіта гэта дапамагае Аляксандры і Аляксандру падчас сумеснага карантыну ў Празе. «Сьвежае паветра і новыя куткі Прагі ўсё ж такі палягчаюць сэнсарную дэпрывацыю», — распавядае Аляксандар, які пераехаў з гораду Брно, дзе ён вучыцца, да сваёй дзяўчыны ў Прагу, як толькі абвясьцілі аб увядзеньні экстраных захадаў.
Аляксандра кажа, што да карантыну ўспрымала сумесныя выходныя як забаўку. «А тут у адносіны, вядома, увайшоў такі істотны бытавы складнік, прычым у экстрэмальных умовах, калі атрымліваць новыя ўражаньні, акрамя як адзін ад аднаго, больш няма адкуль: нікуды ня пойдзеш, ні з кім не пабачысься, абстаноўку ня зьменіш», — кажа яна.
Партнэры лічаць, што ў аднапакаёвай кватэры ім было б складаней даваць рады сваркам, — цяпер кожны можа застацца сам-насам з сабой у асобным пакоі. «Ды і мірыцца на самой справе нескладана, таму што мы абодва разумеем, што большасьць сварак цяпер зьвязана акурат з тым, як шмат часу мы праводзім разам і як часам стамляемся адзін ад аднаго, а ня з чымсьці сур’ёзным», — тлумачыць Аляксандра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кароткія стрымы, гейміфікацыя, квізы і бонусы. Спыталі ў школьнікаў, якога дыстанцыйнага навучаньня яны хочуць
Псыхатэрапэўт Яна Ніколава лічыць, што рэакцыя кожнага чалавека на крызісную сытуацыю абсалютна непрадказальная і абумоўленая многімі фактарамі, уключаючы фінансы, выхаваньне, культуру, у якой вырас чалавек, і нават краіну, у якой ён апынуўся падчас пандэміі.
Яна адзначае, што тое грамадзтва, у якім знаходзіцца чалавек, мае прамы ўплыў на яго псыхалягічную рэакцыю: «Цяжкія моманты становяцца ключавымі ў разьвіцьці асобы і ўнутранай самаідэнтыфікацыі. Асабістыя перакананьні, каштоўнасьці і нормы таксама адыгрываюць вялікую ролю падчас крызісных сытуацый. Чым большы страх, тым больш хваравітая рэакцыя на крызіс».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ