Маці анархіста Мікіты Емяльянава другі тыдзень ня можа атрымаць зьвестак, куды накіравалі яе сына для адбыцьця пакараньня паводле прысуду Менскага гарадзкога суду. 18 красавіка Анастасія Емяльянава пазваніла ў Жодзінскую сьледчую турму, каб даведацца пра сына, але ёй зноў адмовілі ў інфармацыі.
"Сын яшчэ 5 красавіка напісаў, што яму ўручылі вопіс ягоных рэчаў, а гэта азначае, што яго меліся хутка адправіць з Жодзіна ў нейкую калёнію. Але ў якую, не сказалі. Мінула амаль два тыдні, але ад яго больш лістоў не было і мне афіцыйна ніякага ліста, дзе ён, не даслалі. Званю ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў — адпраўляюць у Жодзінскую турму. Званю туды, а там нават ня кажуць, ён яшчэ ў іх ці дзе ў калёніі. Адсылаюць у дэпартамэнт. Вельмі непакоюся, што зь ім, ці не захварэў дзе па дарозе?«— сказала Анастасія Емяльянава.
Анархіст Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да зьняволеньня за тое, што на знак салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі кінуў «кактэйль Молатава» у дзьверы СІЗА на вуліцы Валадарскага, а таксама кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Менгарсуду. Гэта адбылося ў другой палове 2019 году. У лютым Савецкі раённы суд Менску асудзіў Мікіту Емяльянава на 7 гадоў зьняволеньня, але празь месяц Менгарсуд зьменшыў тэрмін да 4 гадоў. Разам з Мікітам Емяльянавым за тыя ж дзеяньні быў асуджаны і анархіст Іван Комар, якому Менгарсуд зьменшыў тэрмін пакараньня з 7 да 3,5 гадоў. Вядома, што Іван Комар з Жодзінскага ізалятару ўжо этапаваны ў калёнію ў Шклове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа аб кактэйлі Молатава. Прысуд анархістам зьменшылі з 7 да 4 і 3 з паловай гадоўНа судзе анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар не прызнавалі віну ў намеры пашкодзіць будынак СІЗА на вуліцы Валадарскага, які зьяўляецца гістарычным помнікам, і тлумачылі што зь іх боку гэта былі акцыі салідарнасьці з актывістамі, якіх перасьледуюць улады. Беларускія праваабаронцы прызналі Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітвязьнямі, казалі пра неадпаведнасьць прысуду іх учынкам і патрабавалі перагледзець справу анархістаў.
«У апошнім лісьце з Жодзіна сын напісаў, што маральна не зламаны, адчувае сябе добра, але непакоіцца, як у нас у сям’і справы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Яшчэ перадаў усім сябрам падзяку за падтрымку», — паведаміла пра сына Анастасія Емяльянава.