«Хай падказвае калгасьнікам, як сеяць». У Расеі адказалі на крытыку Лукашэнкі расейскіх тэстаў

Генадзь Анішчанка

Былы галоўны санітарны ўрач Расеі, дэпутат Дзярждумы Генадзь Анішчанка і Расспажыўнагляд адказалі на крытыку Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што расейскія тэст-сыстэмы на COVID-19 нібыта часта даюць памылковыя вынікі.

17 красавіка Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра расейскія тэсты:

«Шмат тэстуем, але яшчэ павінен вам адкрыта сказаць, што я выявіў, зыходзячы з гэтай інфармацыі, і ўжо ня толькі я: [расейскія] тэсты — ні к чорту. Нават тут вось абсьледавалі расейцаў (на атамную станцыю прыехалі), усіх 15 чалавек пралячылі, дасьледавалі расейскімі тэстамі — усё станоўча. Зноў кладзі ў бальніцу і лячы. Адмовіліся ад расейскіх тэстаў, узялі свае, кітайскія — адзін толькі чалавек аказаўся каранавірусны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска-расейскія адносіны атручаныя вірусам

Генадзь Анішчанка заявіў РИА Новости, што калі б тэсты не працавалі, Расея сама зьняла б іх з эксплуатацыі, не чакаючы, пакуль «вялікі эскулап» Лукашэнка падкажа гэта.

«Лукашэнку я параіў бы што: цяпер вясна і трэба сеяць пшаніцу. Хай ён едзе на палі і падказвае сваім калгасьнікам, як трэба сеяць, ён у гэтым разьбіраецца. А вось тут — гэта не яго тэма».

Паводле Анішчанкі, расейскія тэст-сыстэмы працуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Расеі адказаў на прэтэнзіі Макея наконт тэстаў на каранавірус, транзыту і заражаных будаўнікоў АЭС

У Расспажыўнаглядзе ТАСС паведамілі, што Беларусь бязвыплатна атрымала 14 тысяч тэст-сыстэм, і менавіта зь іх дапамогай у краіне былі выяўленыя першыя хворыя каранавірусам.

Расейскія тэст-сыстэмы, распрацаваныя навуковым цэнтрам «Вэктар», пераўзыходзяць некаторыя замежныя аналягі па многіх парамэтрах, кажуць у ведамстве. Акрамя таго, цэнтар уключаны ў пералік рэфэрэнс-лябараторый СААЗ па каранавірусу, куды любыя краіны могуць накіроўваць узоры для дасьледаваньняў.

«Расейскія тэсты выяўляюць мінімальную колькасьць чужароднага генэтычнага матэрыялу ва ўзоры і не даюць перакрыжаваных рэакцый зь іншымі ўзбуджальнікамі, вызначаючы менавіта новы каранавірус SARS-CoV-2. Расейскія тэсты „бачаць“ узбуджальніка пры малой колькасьці вірусу, у тым ліку ў бессымптомных носьбітаў, што надзвычай важна для выяўленьня інфікаванага чалавека, яго ізаляцыі, каб ён ня стаў небясьпечным для навакольных, і своечасовага правядзеньня ўсіх супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў», — сказалі ў Расспажыўнаглядзе.