У Паўднёвай Карэі 15 красавіка прайшлі парлямэнцкія выбары. Гэта былі першыя ў сьвеце агульныя выбары падчас пандэміі каранавірусу.
У іх узялі ўдзел больш за 29 мільёнаў чалавек (66% ад усіх выбарцаў), што стала самай высокай выбарчай яўкай у краіне за апошнія тры дзесяцігодзьдзі.
У 300-мандатны Нацыянальны сход карэйцы выбралі 253 дэпутатаў у мажарытарных акругах і 47 дэпутатаў з партыйных сьпісаў. Перамогу на выбарах атрымала кіроўная лібэральная Дэмакратычная партыя, якая ў кааліцыі з кансэрватыўнай Аб’яднанай партыяй будучыні кантралюе 180 мандатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірусныя выбарчыя гульні ў ПольшчыКожны выбарчы ўчастак быў забясьпечаны сродкамі для дэзынфэкцыі рук і аднаразовымі пальчаткамі. Выбарнікам, якія былі ў масках і падыходзілі да урнаў, захоўваючы адлегласьць паміж сабой, правяралі тэмпэратуру на ўваходзе.
Як піша The New York Times, «здавалася, ніхто не адчуваў, што даводзіцца выбіраць паміж ажыцьцяўленьнем сваіх дэмакратычных правоў і аховай уласнага здароўя». Амэрыканскае выданьне дадае: «Паўднёвая Карэя зноў стала маяком у цёмныя часы, узорам для таго, як адкрытае грамадзтва можа стрываць навальніцу пандэміі».
У канцы лютага ў Паўднёвай Карэі рэгістравалі найбольшую колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19 за межамі Кітаю. Папулярнасьць прэзыдэнта Мун Чжэ Іна рэзка падала, не ў апошнюю чаргу ад таго, што ён адмовіўся ўвесьці забарону на ўезд наведнікаў з Кітаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты крызіс — зорны час для дыктатараў», — кіраўнік Цэнтру дасьледаваньня будучыніПаводле The New York Times, нечаканы рост папулярнасьці прэзыдэнцкай партыі і яе пераканаўчая перамога на выбарах з масавай яўкай зьяўляюцца ў першую чаргу вынікам эфэктыўнага змаганьня з пандэміяй з выкарыстаньнем «урадавай стратэгіі адкрытасьці і спагадлівасьці да насельніцтва».
У канцы студзеня супрацоўнікі органаў аховы здароўя далі зялёнае сьвятло прыватнаму сэктару для падрыхтоўкі шырокага тэставаньня на каранавірус. Уся інфармацыя, якую ўлады атрымлівалі падчас тэставаньня, хутка і сыстэматычна абнародавалася. На мабільныя тэлефоны грамадзянаў рэгулярна рассылаліся паведамленьні пра ўсе пацьверджаныя выпадкі COVID-19 у месцах іх пражываньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Вугоршчыны атрымлівае шырокія паўнамоцтвыГэткая празрыстасьць, на думку The New York Times, дазволіла ўраду ў большай ступені разьлічваць на добраахвотныя захады стрымліваньня: сацыяльнае дыстанцыяваньне ў Паўднёвай Карэі было справай грамадзкага кансэнсусу, а не загадам дзяржавы.
Для астатняга сьвету, падсумоўвае амэрыканская газэта, гэтыя карэйскія выбары маюць значэньне перш за ўсё не сваімі канкрэтнымі палітычнымі вынікамі, а тым, што дзясяткі мільёнаў грамадзян змаглі рэалізаваць свае дэмакратычныя правы яшчэ ў эпоху каранавірусу.