У Беларусі буйных пажараў няма, увялі забарону на наведваньне лясоў у 79 раёнах.
Ва Ўкраіне ў некалькіх абласьцях рэгіструюць дзясяткі лясных пажараў. У Кіеве з ночы адчуваецца пах гару і відаць дым. Улады заклікаюць людзей не выходзіць на вуліцу і зачыняць вокны.
Паводле Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях, у трох раёнах Кіеўскай вобласьці назіраюцца выпадкі спальваньня сухой травы і сьмецьця ў прыватных гаспадарках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажар у чарнобыльскай зоне: агонь на подступах да аб’ектаў ЧАЭС зьліквідавалі. ВІДЭАУ Жытомірскай вобласьці паблізу сяла Рудня Оўруцкага раёну пажарныя зьліквідавалі некалькі асяродкаў падпальваньня травы. Полымя ледзь удалося спыніць, каб яно не перакінулася на мытны пост «Выступовічы», што на мяжы з Гомельскай вобласьцю Беларусі.
Лясны пажар у гэтым раёне ахапіў плошчу 3 гектары і заблякаваў сямёх супрацоўнікаў вузла ўліку прадпрыемства «Прыкарпатзахадтранс», кантрольны пакет акцый якога належыць беларускаму ўнітарнаму прадпрыемству «Нафтабітумны завод». Ад полымя пацярпела частка адміністрацыйнага будынку вузла, які знаходзіцца ў лясным масіве.
У чарнобыльскай зоне вялікія пажары патушылі, але дагэтуль застаюцца лякацыі, дзе тлее трава, дрэвы і глеба. У працу залучылі рэкордную ад пачатку пажараў колькасьць пэрсаналу — больш як тысячу пажарных і 100 адзінак тэхнікі, у тым ліку 2 верталёты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адрэагаваў на пажары ў чарнобыльскай зоне: «Грамадзтва павінна ведаць праўду»Улады пераконваюць, што пагрозы для аб’ектаў Чарнобыльскай АЭС няма, а радыяцыйны фон у Кіеве і Кіеўскай вобласьці застаецца ў межах нормы. Мэр Кіева Віталь Клічко пасьля інспэкцыі чарнобыльскай зоны паведаміў, што ўсе асяродкі займаньня актывізаваліся ад моцнага ветру, але адкрытых пажараў не зафіксавана.
Тым часам, паводле ўсясьветнага індэксу якасьці паветра QIAir, Кіеў ачоліў рэйтынг найбольш забруджаных гарадоў.
У Беларусі ўжо ўведзена забарона на наведваньне лясоў у 79 раёнах — гэта большая частка тэрыторыі краіны.