Каранавірус выявілі ў службоўца вайсковай часткі № 3310 — гэта брыгада ўнутраных войскаў МУС, якая дысьлякуецца ў паселішчы Ваколіца пад Менскам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле крыніцы, зь якой меў гутарку карэспандэнт Свабоды, некалькі дзён таму вайсковец здаў тэст на каранавірус, які даў станоўчы вынік. Зь серады, 15 красавіка, уся рота, дзе служыў інфікаваны, на карантыне.
«Ува ўсіх узялі аналізы і зачынілі ў вайсковай частцы. Сваякі, якія кантактавалі з вайскоўцамі, на самаізаляцыі», — паведаміў сваяк аднаго з вайскоўцаў.
Факт, што ў вайсковай частцы № 3310 выявілі вайскоўца з каранавірусам, пацьвердзіла прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава.
«Так, такі выпадак ёсьць. Той, хто захварэў, шпіталізаваны. Паводле зьвестак з шпіталя, пачуваецца нармальна. У частцы правялі ўсе патрэбныя эпідэміялягічныя захады. Падразьдзяленьне, у якім ён служыў, на карантыне», — сказала Вольга Чамаданава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сувязі з пандэміяй у беларускім войску абмежавалі наведваньні і звальненьні
У Міністэрстве абароны зьняпраўдзілі інфармацыю пра каранавірус у Печах
Тым часам афіцыйна не пацьвердзілі зьвестак з сацсетак пра тое, што ў вучэбным цэнтры ў Печах пад Барысавам нібыта выявілі некалькі інфікаваных вайскоўцаў. Камэнтар Свабодзе дала прэсавы сакратар Міністэрства абароны Натальля Гаўрусік.
«Адна з вайскоўцаў кантрактнай службы, якая служыць у вучэбным цэнтры, стала кантактам першага ўзроўню. На час, пакуль яе правяралі, адно з падразьдзяленьняў, зь якім яна кантактавала, было зьмешчана на казармавае ўтрыманьне. У выніку яе тэст быў адмоўны, яна адбыла ў самаізаляцыі патрэбны тэрмін, а цяпер таксама зьнялі казарменнае становішча з гэтага падразьдзяленьня. Там усё нармальна», — сказала Натальля Гаўрусік.
Абноўлена: У камэнтары Onliner.by Гаўрусік сказала, што ўвечары 16 красавіка выявілася, што тэст вайскоўца станоўчы. Удзень яго стан ацэньваўся як станоўчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 памерлі. У Беларусі прызналі 4204 выпадкі COVID-19, плюс 476 за дзень
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ