Беларусь выйшла на другое месца сярод постсавецкіх краінаў у колькасьці выяўленых пацыентаў, у каго пацьверджаны каранавірус COVID-19. Больш выпадкаў зарэгістравана толькі ў Расеі.
Паводле Міністэрства аховы здароўя на 16 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 4204 пацыенты з каранавірусам. Ва Ўкраіне — 4161, у Расеі — 27 938. Ва ўсіх іншых краінах — менш за 2000 выпадкаў.
Такім чынам, у Беларусі колькасьць выяўленых пацыентаў з каранавірусам складае 442 чалавекі на мільён. Ва Ўкраіне — 99 выпадкаў на мільён чалавек.
Як пісала Свабода, ва Ўкраіне праводзіцца менш тэстаў, чым у Беларусі. Гэтым і тлумачацца меншыя лічбы выяўленых пацыентаў з каранавірусам. Напрыклад, на 13 красавіка ва Ўкраіне было праведзена 32 496 тэстаў. У той жа час у Беларусі на той момант было зроблена 68 тысяч тэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі месяц на карантыне. Ва Ўкраіне лічаць, што пазьбеглі гішпанскага сцэнаруШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ