Максім Ермаловіч паведаміў, што дакладны аб’ём дадатковага фінансаваньня пакуль назваць немагчыма.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пасьля выступу на сэсіі Палаты прадстаўнікоў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч адказаў на пытаньні журналістаў. Ён адзначыў, што Беларусь сутыкнулася са складанасьцямі, якія выклікала пандэмія на сусьветных фінансавых рынках. А таксама больш падрабязна расказаў, якім чынам сытуацыя з каранавірусам уплывае на фарміраваньне дзяржаўнага бюджэту.
«Нейкіх экстраных зьменаў у бюджэт на сёньняшні дзень, каб забясьпечваць усю неабходную дзейнасьць у супрацьдзеяньні пашырэньню эпідэміі, у нас няма, — сказаў Максім Ермаловіч. — Няма неабходнасьці, у нас дастаткова рэсурсаў. У тым ліку на забесьпячэньне працы ўстановаў аховы здароўя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі пачаўся пажар — трэба самім гаcіць, а не чакаць ратавальнікаў». Хто і як дапамагае мэдыкамАдказваючы на пытаньне Свабоды аб памеры дадатковых сродкаў, накіраваных на забесьпячэньне працы мэдыкаў ва ўмовах эпідэміі каранавірусу, міністар фінансаў сказаў, што пакуль ня можа назваць канкрэтнай лічбы.
«Цяпер мы фактычна ў штодзённым рэжыме ўзгадняем аб’ёмы фінансаваньня ўстановаў аховы здароўя на першы квартал, на першае паўгодзьдзе, — расказаў Максім Ермаловіч. — У тым ліку па ўсіх узроўнях бюджэту. Нейкай лічбы, якая б адлюстроўвала павелічэньне выдаткаў, я зараз не магу назваць. Але няма ніякіх стрымальных фактараў для фінансаваньня ўжо прынятых рашэньняў аб куплі неабходных сродкаў засьцярогі, дадатковых выдаткаў установаў аховы здароўя. Пакуль я не гатовы даць справаздачу аб выдзеленых сродках. Мы працуем штодзённа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржкантроль: маскі прадаюць у 89,2% аптэк. Пошук у аптэках: ёсьць у 7,6%
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ