Урад Беларусі зьвярнуўся да Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) з просьбай дапамогі ў памеры 1 млрд даляраў на падтрымку прадпрыемстваў ва ўмовах эканамічнага крызісу на фоне пандэміі каранавірусу.
«Беларускі бок зацікаўлены ў атрыманьні крэдытных рэсурсаў ЭБРР буйным дзяржаўным банкам краіны — „Беларусбанк“, „Белаграпрамбанк“, „Белінвэстбанк“, „Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь“ у аб’ёме да 1 млрд даляраў, у тым ліку для малых і сярэдніх кампаній зь ліку найбольш пацярпелых сэктараў эканомікі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Савету Міністраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь разьлічвае на мільярд даляраў крэдытаў на пераадоленьне пандэмііУдакладняецца, што Беларусь разьлічвае на пашырэньне мандату ЭБРР у справе крэдытаваньня буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія панесьлі найбольшыя выдаткі на фоне глябальнага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі. Гаворка пра транспартныя кампаніі (Беларускую чыгунку і авіякампанію «Белавія»), галіну дрэваапрацоўкі ды іншыя.
«Што тычыцца сумеснага фінансаваньня зь іншымі інстытутамі (Сусьветны банк, Азіяцкі банк інфраструктурных інвэстыцый, Эўрапейскі інвэстыцыйны банк), мяркуецца захаваньне лімітаў для дзейных кліентаў ЭБРР у Беларусі, пашырэньне мандату на крэдытаваньне асобных дзяржаўных арганізацый, якія апынуліся ў складаным становішчы», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заплянаваў даць Беларусі 60 млн эўра на барацьбу з каранавірусамУ 2019 годзе Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця прафінансаваў у Беларусі 24 праекты амаль на 400 млн эўра. Ад пачатку сваёй дзейнасьці ў краіне ў 1992 годзе банк браў удзел у 130 праектах на суму блізу 3 млрд эўра.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ