Кіраўнік Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў упершыню расказаў, якім чынам складзены кантракт на тэлепаказ чэмпіянату Беларусі для іншых краін.
У эфіры праграмы «Спорт-кадр» на канале «Беларусь 5» ён зьняпраўдзіў ранейшыя паведамленьні, што адзін толькі расейскі канал «Матч ТВ» заплаціў 210 тысяч даляраў за правы на трансьляцыю вышэйшай лігі.
«Вядома, лічба нашмат меншая. Аплата ідзе па кожным матчы. Невялікія сумы. Хтосьці прыдумаў і назваў такую вялікую суму, і ўсе думаюць, што мы зараз прасоўваем і ахава зарабляем. Не. Нам важна ў першую чаргу тое, што цяпер пазнаюць Беларусь. Увесь сьвет. Вось гэта важна», — адзначыў футбольны функцыянэр, паўтарыўшы, што пра завоблачныя сумы гаворка не ідзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чэмпіянат цікавы, людзі глядзяць». Міністар спорту ня бачыць прычыны прыпыняць футбольныя матчыКанкрэтных лічбаў Уладзімер Базанаў не назваў, спаслаўшыся на «камэрцыйную таямніцу». Але прызнаў, што ў выпадку прыпыненьня першынства пэўную частку грошай трэба будзе вярнуць.
«Вядома. Хоць нам пакуль яшчэ ніхто нічога не пералічваў. У нас кантракт так складзены, што мы потым усё павінны атрымаць. Пакуль няма пэўнасьці, ніхто наперад плаціць ня будзе».
Цяпер гульні чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе паказваюць у паўтара дзясятках краінаў сьвету — Расеі, Украіне, Літве, Ізраілі, Індыі і ўсіх балканскіх краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбол падчас пандэміі: акрамя рэгулярнага першынства Беларусі, яшчэ і паўфіналы Кубка
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ