«Гэты крызіс — зорны час для дыктатараў», — кіраўнік Цэнтру дасьледаваньня будучыні

Ілюстрацыйнае фота. Ош, Кіргізстан

Любы крызіс спараджае ў палітыкаў жаданьне яго выкарыстаць, каб умацаваць і кансалідаваць сваю ўладу. Але пандэмія каранавірусу прынесла з сабою экзамэн, які многія зь іх могуць заваліць, лічыць Цэнтар дасьледаваньня будучыні з Варшавы Эдвін Бэндык.

Эдвін Бэндык выкладае ў польскай Акадэміі Навук, кіруе аддзелам навукі ў адным з самых уплывовых польскіх часопісаў «Polityka». Ён займаецца пытаньнямі мадэрнізацыі, экалёгіі і ўплывам тэхнікі на грамадзкае жыцьцё.

У інтэрвію Свабодзе ён распавёў, чаму лічыць, што цывілізацыйныя зьмены распачаліся задоўга да пандэміі каранавірусу, як яна паўплывае на гэты працэс і наш стыль жыцьця, што нам трэба ратаваць найперш, ад чаго давядзецца ў выніку адмовіцца і ад чаго ён ужо адмовіўся сам.

Эдвін Бэндык

Сьцісла:

  • І без пандэміі мы збліжаліся да канца пэўнай мадэлі нашай цывілізацыі. Гэтая мадэль зьвязаная з энэргетыкай.
  • Мадэль жыцьця, да якой мы прызвычаіліся, заснаваная на турызьме, можа проста стаць гісторыяй
  • Эканоміка павінна абапірацца на лякальныя рэсурсы з малой колькасьцю падарожжаў і перамяшчэньня прадуктаў
  • Пэўныя формы бізнэсу могуць проста зьнікнуць. Канешне, на іх месцы могуць зьявіцца іншыя
  • Няма адказу на ключавое пытаньне: а што рабіць з усімі тымі людзьмі, якія дагэтуль зараблялі на жыцьцё дзякуючы сэрвісу паслуг і культуры
  • Магчыма самая вялікая пагроза міне цягам бліжэйшым месяцаў, але вірус усё роўна з намі застанецца
  • На прыкладзе ЗША мы бачым, да чаго можа прывесьці праблема, калі некаторыя важныя рэчы прапусьціць на самым пачатку
  • Дапамагчы нам можа штучны інтэлект, якога мы баімся
  • Вяртаньне межаў было б найгоршай з праблемаў. Гэта палітычны крок. Экспэрты САЗ ня лічаць гэта вельмі эфэктыўнай мерай барацьбы з эпідэміяй
  • Трэнд на дэглябалізацыю ўжо відавочны. Рэпатрыяцыя прамысловасьці пачалася яшчэ да пандэміі
  • Людзі пачнуць адаптоўвацца, але мы ўсё яшчэ не маем уяўленьня, што нас чакае

«Канец сьвету, які мы ведаем, пачаўся яшчэ да эпідэміі»

— Вольга Такарчук напісала днямі, што разам з пандэміяй надыходзяць новыя часы. Яна гуманітарый і пісьменьніца, ёй даравальныя любыя памылковыя прагнозы. Вы па адукацыі хімік і займаецеся навуковай працай. Сьвет ужо сапраўды ня будзе такі, як раней?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такарчук: На нашых вачах растае цывілізацыйная парадыгма, якая фармавала нас дзьвесьце гадоў

— Я згодны з Вольгай, але дадам, што разьвітаньне са старым сьветам я пачаў значна раней. Нядаўна на літаратурным фэстывалі, якія ладзіла Вольга, я вёў сэмінар «Чатыры вершнікі Апакаліпсісу». Пра пандэмію ніхто тады не здагадваўся. Мы размаўлялі пра сымптомы канца таго сьвету, у якім мы жывем. Ён пачаў заканчвацца яшчэ задоўга да пандэміі. А яна стала ўсяго чарговым фактарам. Але і без яе мы збліжаліся да канца пэўнай мадэлі нашай цывілізацыі. Гэтая мадэль зьвязаная з энэргетыкай.

Усё, што мы маем, наш камфорт і дыскаморт, выкліканы зьменамі клімату, пабудаваныя на мадэлі вугалю, газу і нафты. Гэтаму прыходзіць канец. Не таму, што канчаецца нафта і газ, бо іх даволі шмат. Але вычэрпваюцца лёгкадаступныя рэсурсы. Наступныя кубамэтры газу і барэлі нафты здабываць будзе ўсё складаней і складаней. Балянс укладзенага і атрыманага ўжо ня ў нашу карысьць. Каб здабыць энэргію, нам спатрэбіцца ўсё больш і больш капіталу.

— Але цэны на нафту цяпер б’юць рэкорды мінімуму. Краіны зьмяншаюць здабычу. Дональд Трамп кажа, што Амэрыка гатовая заліць сьвет сланцавай нафтай.

— Пандэмія дадала алею ў агонь — імгненна абваліла попыт. Гэты небясьпечны ланцуг пачаўся ад Кітая, які зьяўляецца найбуйнейшым імпартэрам прыроднага газу і нафты. Гэта парушыла працу рынку, зьменшыўся попыт, зьнізіліся цэны. Нас, кіроўцаў, гэта можа радаваць, але для рынку энэргарэсурсаў — гэта катастрофа. Амэрыканскі нафтавы сэктар банкрутуе. Але гэта пачалося яшчэ да пандэміі. Ужо ў сьнежні амэрыканскі нафтавы сэктар амаль нічога на ёй не зарабіў.

Цана доступу да сланцавай нафты ў ЗША настолькі вялікая, што агульны балянс быў амаль нулявы і прыносіў страты. Ужо летась фірмы пачалі пакідаць рынак. Каб амэрыканцам аплачвалася здабываць сланцавую нафту, трэба каб барэль каштавала 50-51 даляр. А цяпер, калі яе кошт 30, а часам і 20. Гэта проста катастрофа.

— Разьвіцьцё тэхналёгій адбываецца вельмі хутка. Магчыма гэта і ўратуе канец цывілізацыі, заснаваны на традыцыйных рэсурсах?

— Нафты ў зямлі яшчэ даволі шмат, але здабываць яе становіцца ўсё больш складана, нягледзячы на тое, што тэхналягічна мы ідзем наперад. Экспэрты спрачаюцца, калі мы дойдзем да крытычнага моманту — праз 10 год ці трошкі пазьней. Але ў любым выпадку нас чакае неабходнасьць прыдумаць нейкі новы спосаб забесьпячэньня цывілізацыі энэргіяй. Магчыма цяпер у нас будзе больш нагодаў, каб заняцца гэтым больш сур’ёзна.

Вядома, мы будзем прыкідвацца, што можна яшчэ вярнуцца да таго, што было калісьці. Мы будзем намагацца, каб эканоміка вярнулася ў той стан, у якім яна была дагэтуль, і да ранейшага стылю жыцьця. Але гэта немагчыма па шмат якіх прычынах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фіштэйн: Памылкова думаць, што ў выніку пандэміі чалавецтва ўсьвядоміць нешта вялікае і важнае

«Мадэль жыцьця, заснаваная на турызьме, можа стаць гісторыяй»

— Магчыма гэта прагучыць цынічна, але пандэмія можа на гэта паўплываць пазытыўна, зьмяняючы стыль жыцьця людзей. Напрыклад, людзі пачнуць менш лятаць самалётамі. Lufthansa зачыняе свой лоўкостэр Germanwings, бо паводле яе падлікаў, вяртаньне да стану перад пандэміяй зойме мінімум 3 гады.

— І тут мы даходзім да самага цікавага. Цяпер пачынаецца тое, што павінна было пачацца яшчэ да пандэміі. Мадэль жыцьця, да якой мы прызвычаіліся, заснаваная на турызьме, можа проста стаць гісторыяй. Гэтую мадэль субсыдавалі лоўкосты, бо авіяпаліва амаль не абкладалася падаткамі і было вельмі танным. І гэтае таннае неэкалягічнае паліва схіляла на да пэўных паводзін, пра якія цяпер нам, хутчэй за ўсё, давядзецца забыцца.

Але ўзьнікла чарговае пытаньне. А ці ёсьць у нас новая ідэя для эканомікі? Бо пералёты былі зьвязаныя зь іншымі галінамі жыцьця. Напрыклад, возьмем культуру. Многія падарожжы турыстаў былі зьвязаныя з фэстывалямі, мастацкімі імпрэзамі, гэта ж гіганцкі бізнэс. Турызм — гэта некалькі працэнтаў глябальнага ВУП і ён увесь час рос. Цяпер гэтых грошай можа проста ня быць. Канешне, менш пералётаў — гэта лепш для экалёгіі, але шмат людзей страцяць працу — у сэктары паслуг, у авіялініях, у турыстычных агенцтвах.

— І што ў такім выпадку можа стаць ідэяй для постпандэмічнай эканомікі?

— А яна менавіта такой і мусіць быць. Найперш эканоміка павінна абапірацца на лякальныя рэсурсы з малой колькасьцю падарожжаў і перамяшчэньня прадуктаў. Сельская гаспадарка і пастаўкі харчаваньня павінны канцэнтравацца на лякальным узроўні. Навошта вазіць бульбу і гародніну праз увесь кантынэнт? Гэта нелягічна. Усё гэта неабходна рэарганізоўваць. Але няма адказу на ключавое пытаньне: а што рабіць з усімі тымі людзьмі, якія дагэтуль зараблялі на жыцьцё дзякуючы гэтаму бізнэсу? Што рабіць з людзьмі сфэры культуры, людзьмі, якія забясьпечвалі нас забавай, якія працавалі ў тэатрах, на фэстывалях?

Рэстараны, цырульні, усё што абслугоўвала вялікія гарады, зачыніліся за адзін дзень. Сэктар паслугаў — гэта самая вялікая галіна эканомікі, якая давала людзям працу. І гэтыя людзі, пераважна, ня мелі ніякіх зьберажэньняў, мэдычных страховак, ніякіх накапленьняў на пэнсію.

Вэнэцыя

«Пэўныя формы бізнэсу могуць проста зьнікнуць»

— Чаму толькі сэктар паслуг? Людзі, якія працуюць на заводах, таксама працуюць у групах. І падчас пандэміі пагрозы для іх тыя ж самыя.

— Акурат сёньня я чытаў аналіз, які датычыць Польшчы, што ў нас 90% рабочых, якія працуюць на фабрыках па вырабе ўпаковак, працуюць як і раней. У сэктары машынабудаваньня працуе 40%. Але гэта зьвязана найперш з тым, што ўпаў продаж аўтамабіляў, таму і ня трэба столькі працаўнікоў. То бок з пункту гледжаньня бясьпекі працаўнікоў усё рэальна арганізаваць.

Пры сёньняшнім узроўні аўтаматызацыі можна арганізаваць вытворчасьць на фабрыках аўтамабіляў так, каб людзі мінімальна сутыкаліся і захоўвалі бясьпечную дыстанцыю. Гэта ўжо ня тыя часы, калі 10 тысяч рабочых стаяць у вялікім ангары пры станках побач з сабою. Таму сучасная прамысловасьць у стане хутка дапасавацца да новых рэаліяў, калі яны стануць пастаяннымі. Але ўсё гэта пры ўмове, што нехта будзе купляць гэтую прадукцыю. А што будзе з попытам далей? Калі эканоміка пачне рассыпацца, то ў людзей ня будзе грошай купляць гэтую прадукцыю.

Пэўныя формы бізнэсу могуць проста зьнікнуць. Канешне, на іх месцы могуць зьявіцца іншыя. Але гэта ўжо ня будзе той самы сьвет.

— Неабавязкова горшы, калі ўлічыць, што спажывецтва будзе абмежаванае. Гэта наўпрост зьвязанае з чысьцейшым асяродзьдзем вакол нас. Вас гэта ня цешыць?

— Пандэмія сапраўды прывяла да таго, што сёлета выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру будуць меншымі. Але гэта малая зьмена для таго, каб зьменшыць пагрозы, якія нясуць зьмены клімату. Бо яны зьяўляюцца наступствам таго што мы зрабілі дзясяткі гадоў, да 2020 году. І з гэтымі наступствамі нам усё роўна давядзецца спраўляцца. Мы больш ня можам жыць так, як жылі дагэтуль. Новыя крыніцы энэргіі яшчэ ня цалкам замянілі традыцыйныя, таму жыць з такім узроўнем дабрабыту, як раней, немагчыма.

Ёсьць, вядома, стратэгіі пераходу да больш экалягічных відаў энэргіі. Напрыклад, праграма «Эўрапейскі зялёны лад», гэта цудоўная ідэя мадэрнізацыі эўрапейскіх краін. Але мы ня ведаем, што нас чакае напрыканцы, у 2050 годзе. Нас чакае адыход ад цывілізацыі, якая трымалася на старой сыравіне. Гэта гіганцкая зьмена. Мы можам толькі здагадвацца пра наступствы.

— І які вы бачыце выхад, каб адаптавацца да гэтых зьменаў як мага хутчэй?

— Некаторыя ўжо прымаюць гэтую новую рэальнасьць і робяць канкрэтныя крокі. Амстэрдам на мінулым тыдні абвясьціў новую стратэгію разьвіцьця. Над ёй горад працаваў ужо больш за год. Яны вырашылі, што гэты крызіс стаў добрай нагодай, каб яго апублікаваць. Аснова гэтай праграмы ў тым — што добрае жыцьцё і разьвіцьцё не абавязкова павінны быць зьвязаныя з эканамічным ростам. Ключавыя два фактары — сацыяльны дабрабыт, то бок, каб усе чальцы супольнасьці мелі гарантаваны мінімум якасьці жыцьця. Другі фактар — гарантыя дабрабыту не павінна несьці нэгатыўных экалягічных наступстваў. І паміж дзьвюма гэтымі межамі павінна адбывацца жыцьцё гораду. Гэта цалкам новая філязофія разьвіцьця.

Авіяпарк галяндзкага перавозчыка KLM. Палёты спыненыя праз пандэмію

«Нам давядзецца навучыцца жыць у такіх умовах, як цяпер»

— Вашыя ацэнкі вельмі радыкальныя. Культура паводзін людзей фармавалася вякамі. Праз год, магчыма, ніхто ўжо і памятаць ня будзе пра гэтую пандэмію. І жыцьцё цалкам вернецца на ранейшыя рэйкі.

— Вось у тым і праблема, што ня вернецца. Але будзе спакуса, каб так думаць. Мы пакуль ня можам сказаць, калі скончыцца пандэмія. Магчыма самая вялікая пагроза міне цягам бліжэйшым месяцаў, але вірус усё роўна з намі застанецца. Невядома ўвогуле, калі будзе вакцына, а ёсьць іншае пытаньне — наколькі яна здолее ўмацаваць наш імунітэт. Колькасьць каранвірусаў расьце ад 1980-х гадоў. Эпідэміі ўжо былі ня раз раз, але такая глябальная ўпершыню. Магчыма нам давядзецца навучыцца жыць у такіх умовах, як цяпер.

Пакуль што мы проста зачыняемся ў хатах, каб зьменшыць пагрозу, але нам давядзецца радыкальна пераасэнсаваць значэньне службы аховы здароўя. Магчыма, што ўсё гэта стане пастаянным элемэнтам нашага жыцьця. І калі будзе менавіта так, то нараджаецца пытаньне: ці хтосьці ў такіх умовах будзе яшчэ думаць пра фэстывалі і падарожжы на Балі? Ці хтосьці пагодзіцца ехаць на імпрэзу, дзе зьбіраюцца дзясяткі тысяч людзей? Гэта ж эпідэмічныя бомбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус у швэдзкім «некарантыне» расказвае, чаму гэта не беларускі варыянт

— Швэды не зачыняюцца падчас пандэміі дома і пасьлядоўна рэалізуюць стратэгію, якая пакуль трымае ўзровень сьмяротнасьці ад вірусу меншым, чым там, дзе ўведзеныя жорсткія меры. Можа мы і сапраўды сталі закладнікамі панікі?

— У Швэцыі, дарэчы, таксама расьце колькасьць экспэртаў, якія папярэджваюць урад, што гэта можа кепска скончыцца. Зрэшты, нядаўна тамтэйшы парлямэнт даў ураду паўнамоцтвы хутка прымаць рашэньні аб закрыцьці краіны, калі ўзьнікне такая патрэба. Але ў швэдаў ёсьць некалькі добрых якасьцяў, якімі яны адрозьніваюцца ад іншых. Там іншая грамадзкая мадэль, старыя людзі не жывуць у Швэцыі ў сем’ях з трыма пакаленьнямі пад адным дахам. То бок гэта ўжо ізаляцыя найбольш уразьлівай групы. У Швэцыі выдатна працуе сацыяльная служба і гэтыя старыя людзі маюць усё, што ім трэба. Яны не памруць з голаду. І ў швэдаў выдатная служба аховы здароўя. Нельга таксама забываць, што там цудоўная грамадзкая дысцыпліна.

Некарантынны Стакгольм

Ці хопіць гэтага? Можна паглядзець на досьвед іншых краінаў, якія раней пачалі змагацца з эпідэміяй. Паўднёвая Карэя, Сынгапур, Тайвань. Яны ўзорна справіліся з праблемай. Але Сынгапур на месяц абвясьціў локдаўн, бо прыйшла другая хваля заражэньняў. Яны заявілі, што няма іншага выйсьця, чым увядзеньне сацыяльнай дыстанцыі. Тое ж пачала рабіць і Карэя, калі прыйшла другая хваля.

— Дык а ў чым праблема, каб рабіць так як Швэцыя — інвэставаць у службу аховы здароўя, у сацыяльныя службы, імкнуцца да дысцыпліны і даверу?

— Менавіта пра зьмены паводзінаў, эканомік і стылю жыцьця я і кажу. На прыкладзе ЗША мы бачым, да чаго можа прывесьці праблема, калі некаторыя важныя рэчы прапусьціць на самым пачатку. Праблема ж з гэтым вірусам ня толькі ў тым, што ён забівае старых людзей. У Італіі яго ахвярамі сталі больш за 100 лекараў, гэта былі здаровыя людзі сярэдняга ўзросту. Праблема ў тым, што ў 20% выпадкаў хвароба праходзіць вельмі складана і патрэбная шпіталізацыя пацыента з выкарыстаньнем спэцыяльнага абсталяваньня. І гэта становіцца тэстам для службы аховы здароўя — колькі ложкаў з рэсьпіратарамі і мэдыкамі яна ў стане даць.

Часта менавіта лекары і мэдсёстры, якія мала зарабляюць, перадаюць гэты вірус іншым пацыентам у розных шпіталях. Магчыма цяпер адбудзецца пераасэнсаваньне важнасьці таго, каб яны зараблялі годныя грошы і ня мусілі шукаць дапрацоўкі. Бо ад гэтых людзей залежаць рэальныя жыцьці.

Бясспрэчна, што гэты вірус ня самае страшнае з хваробаў, гэта не чума, але яго спэцыфіка ў тым, што адсотак цяжкіх выпадкаў даволі вялікі. І служба аховы здароўя проста ня ў стане справіцца адначасова з такой колькасьцю хворых. Вірус ставіць яе дагары нагамі. І калі краіны нядбайна падыходзяць да гэтага пытаньня, можа быць бяда — штодня па 1-2 тысячы незаплянаваных, прабачце за цынізм, сьмерцяў. Італія, Гішпанія і ЗША гэтаму прыклад. Таму зьмены проста непазьбежныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі могуць адсачыць кожны ваш рух. Ці такая будучыня чакае Беларусь і ўвесь сьвет?

«Дапамгчы нам можа штучны інтэлект, якога мы баімся»

— Але спачатку краінам, якія зьяўляюцца лідэрамі ў інавацыях, трэба навучыцца своечасова забясьпечваць маскамі і антысэптыкамі сваіх грамадзян. Пакуль урады дыскутуюць пра ўплыў на эканоміку штучнага інтэлекту, людзі самі мусяць вырабляць самыя прымітыўныя тавары.

— Калісьці дзяржавы дзяліліся на краіны першага, другога і трэцяга сьвету. ЗША і Францыя — першы сьвет, дугі — сацыялістычныя краіны, а рэшта, краіны Азіі і Афрыкі — трэці сьвет. Але сёньня ўсё выглядае інакш. У ЗША можна пабачыць адначасова і першы, і другі, і трэці сьвет. Гэта вынікае са структуры эканомікі. Глябалізацыя прывяла да таго, што вытворчасьць самых простых рэчаў, такіх як маскі, ці камбінэзоны для лекараў, адбываюцца ў Кітаі або Банглядэшы. І калі межы зачыніліся, то ўсё гэта рассыпалася. А першым межы пачаў зачыняць Кітай, які і стаў крыніцай эпідэміі. Разьвітыя краіны проста не займаліся такой дробязьзю, ніколі гэтага не прадукавалі, бо гэта была не іх сфэра. Цяпер, магчыма, гэта зьменіцца, бо людзі пачнуць задаваць пытаньні: чаму мы ня маем нават звычайных масак? Нават багатая Францыя чакае самалётаў з дастаўкай масак, бо іх там проста няма.

Але ў той жа час, навукоўцы расшыфроўваюць структуру вірусу менавіта дзякуючы штучнаму інтэлекту, якога мы баімся. Тэсты для выяўленьня вірусу таксама не былі б магчымыя без яго. Распрацоўка вакцыны таксама вядзецца пры дапамозе штучнага інтэлекту. І ўсё гэта адбываецца не ў Банглядэшы, а менавіта ў багатых краінах.

Паліцэйскі робат у Кітаі

— Ці ў стане штучны інтэлект нас выратаваць, пакуль мы сядзім дома?

— Дзякуючы менавіта яму кітайцы зрабілі тэсты, якія даюць вынікі праз некалькі дзясяткаў хвілінаў. Зусім нядаўна, да пандэміі, на гэта ішлі цэлыя дні. Штучны інтэлект можа аналізаваць кантакты паміж людзьмі. Ужо ёсьць адмысловыя аплікацыі, якія будуць сачыць за інфікаванымі або тымі, хто мог заразіцца. Фактычна, гэта сачэньне за людзьмі. Але калі мы хочам жыць, то там давядзецца на гэта пагадзіцца.

Таму няма супярэчнасьці паміж адсутнасьцю масак і магчымасьцямі штучнага інтэлекту. У той момант, калі лопнула глябалізацыя, выявілася, што самымі ўразьлівымі сталі акурат самыя багатыя краіны ды яшчэ ў такім аспэкце, як маскі і антысэптыкі. Бо ўсё прадукуецца за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Менску дагнаць Варшаву. Раіць польскі дасьледнік будучыні

«Кожны крызіс спараджае ў палітыкаў жаданьне яго выкарыстаць, каб умацаваць сваю ўладу»

— Межы ўсё яшчэ зачыненыя і выглядае, што так можа быць яшчэ даволі доўга. Да чаго гэта можа прывесьці?

— Вяртаньне межаў было б найгоршай з праблемаў. Экспэрты САЗ, дарэчы, ня лічаць гэта вельмі эфэктыўнай мерай барацьбы з эпідэміяй. Гэта, хутчэй, палітычны крок. Дзяржавы, жадаючы здабыць аўтарытэт, проста акрэсьлілі межы ў якіх яны дзейнічаюць. Закрыцьцё мяжы — гэта клясыка, першы крок, маўляў мы адкрываем сфэру сваёй сувэрэннасьці, дзе потым мы можам увесьці надзвычайнае становішча. Гэта чыста палітычны мэханізм, ён не мае дачыненьня да санітарных патрабаваньняў.

У гэтым ёсьць вялікая небясьпека, бо кожны крызіс спараджае ў палітыкаў жаданьне яго выкарыстаць, каб умацаваць і кансалідаваць сваю ўладу. Гэты крызіс — проста зорны час для дыктатараў. Паглядзіце, што зрабіў у Вугоршчыне Віктар Орбан. Пад прыкрыцьцём надзвычайнага становішча парлямэнт, які ён кантралюе, даў яму права кіраваць дэкрэтамі. Гэта проста дыктатарская ўлада, яшчэ і без тэрміну заканчэньня. Такіх краін каля 30, дзе рэжымы выкарыстоўваюць пандэмію для кансалідацыі ўлады. І мая радзіма, Польшча, таксама сярод іх. Закрыцьцё межаў вельмі натуральны крок, бо быць дыктатарам можна толькі ў сваёй краіне. Калі завяршыцца пандэмія, то гэтыя краіны могуць пачаць развальваць Эўразьвяз. А можа і сам Брусэль захоча пазбавіцца ад такіх краінаў.

Але ёсьць і кардынальна іншыя погляды — што перад абліччам глябальнага выкліку трэба дзейнічаць разам, аб’ядноўваць навуковыя базы, дзяліцца ведамі, каб як мага хутчэй зрабіць вакцыну. Працэсаў шмат і часта яны ў канфрантацыі адзін да другога.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба, каб ня людзі баяліся ўрадаў, а ўрады — сваіх грамадзян». Парады ад гуру падрыўных інавацыяў

«Трэнд на дэглябалізацыю ўжо відавочны»

— Што на вашу думку пераможа: глябалізацыя ці правінцыялізацыя?

— Трэнд на дэглябалізацыю ўжо відавочны. Рэпатрыяцыя прамысловасьці пачалася яшчэ да пандэміі. Паглядзіце, што рабіў Дональд Трамп. Але і да яго многія краіны зьвярталі ўвагу, што неабходна правесьці рэіндструялізацыю і вярнуць на радзіму тыя галіны прамысловасьці, якія пайшлі ў Індыю або Кітай. Цяперашняя сытуацыя паўплывае на зьмену сьпісу стратэгічных галінаў эканомікі. Напрыклад, на вытворчасьць лекаў, бо сёньня актыўныя субстанцыі для лекаў прадукуюцца па-за межамі багатых краінаў. Тое ж датычыць і мэдычнага абсталяваньня. Гэта ўсё будзе роўнае вытворчасьці зброі. І прадукцыя будзе адбывацца ў саміх краінах або, прынамсі, рэгіянальна, на тэрыторыі Эўразьвязу.

Вытворчасьць харчаваньня таксама будзе больш адбывацца на лякальным узроўні і фірмы будуць адмаўляцца ад мадэлі міжнароднага абмену. Я кажу нават не пра краіну, а меншыя адмістрацыйныя адзінкі. Гэта пачынае адбывацца ўжо цяпер. Напрыклад Варшава ў вялікай меры спажывае тое, што вырошчваецца і прадукуецца каля сталіцы. Гэта гэты працэс будзе пашырацца. Глябалізацыя істотна абмяжуецца.

Чорштын, у польскіх Татрах

— На пачатку вы сказалі, што сьвет пачаў мяняцца яшчэ да пандэміі. Як гэта паўплывала на ваш стыль жыцьця?

— Ужо некалькі гадоў таму мы ў сям’і пачалі думаць, як зьмяніць наш стыль жыцьця ў сувязі са зьменамі клімату. Каб і далей атрымліваць ад жыцьця асалоду, але адначасова жыць згодна з патрабаваньнямі часу і экалёгіі. Напрыклад, мы перайшлі на вэганства. Аказалася, што гэта ня толькі экалягічна, але і проста цудоўная дыета. Гэта смачна і прыносіць нам шмат добрых уражаньняў. Людзям, якія гэтага не спрабавалі здаецца, што вэганства — гэта пакуты. Гэта памылка. Шмат што зьмянілася з падарожжамі. Мы практычна перасталі карыстацца самалётамі. Раней мы былі часткай турыстычнага руху. Цяпер усё інакш. Калі мы выбіраем, што канкрэтна чакаем ад адпачынку, то ацэньваем, ці ня знойдзем мы ўсяго гэтага бліжэй. Ужо некалькі гадоў мы езьдзім у Карпаты ва Ўкраіну і выдатна там адпачываем. Без праблемаў абыходзімся бяз Крыту і Эгіпту.

— А што ў вашым жыцьці зьменіць пандэмія?

— Нашая фантазія пакуль не адкрылася напоўніцу, мы яшчэ не зразумелі, што гэта для нас значыць, што адбываецца і як скончыцца. Мая жонка настаўніца і яна думае, што адбудзецца са школай. Уся гэтая дыстанцыйная сыстэма, якая ёсьць у Польшчы, яна абсалютна непрадуманая і хаатычная. Магчыма наступствы крызісу прымусяць усё гэта пераасэнсаваць.

Крызіс яшчэ на самым пачатку і мы не да канца разумеем, што адбываецца. Мы пакуль называем лічбы, што рэцэсія ў Францыі складзе 6% і што гэта найбольш ад часу ІІ сусьветнай вайны. Але што гэта значыць і як гэта адаб’ецца на нашым жыцьці — мы не разумеем. Але я ўпэўнены, што калі жыцьцё прымусіць нас апынуцца перад выбарам, то мы пачнем шукаць адказы. Маё пакаленьне і старэйшае мае досьвед жыцьця пры сацыялізьме. Мы жылі ў пастаянным крызісе ад паловы 70-х да пачатку 90-х. Гэта быў час каляпсу эканомікі, а потым стагнацыі. Дзякуючы гэтай гістарычнай і сямейнай памяці людзі пачнуць адаптоўвацца, але мы ўсё яшчэ не маем уяўленьня, што нас чакае.