Намесьнік пракурора Гомля санкцыянаваў «прымусовы мэдычны агляд у стацыянарных умовах» адносна мясцовай жыхаркі, бо ёсьць падставы меркаваць, што яна інфікаваная COVID-19 як «кантакт першага ўзроўню».
Пра жанчыну паведамляецца толькі, што яна «не пажадала добраахвотна выконваць нормы закону». У чым гэта выявілася, не ўдакладняецца.
Як піша БелаПАН са спасылкай на ўласныя крыніцы, у сына-школьніка гэтай жанчыны знойдзены каранавірус. Бацька дзіцяці пагадзіўся прайсьці аналіз на COVID-19 і захоўваць самаізаляцыю. Маці ж не пагадзілася ні на абсьледаваньне, ні на самаізаляцыю, пасьля чаго санітарныя органы зьвярнуліся ў пракуратуру. Агледзелі жанчыну ці не, пакуль невядома.
Закон «Аб прадухіленьні распаўсюду хваробаў, што ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва» ў артыкуле 19 дазваляе прымусовы мэдычны агляд асобы, адносна якой ёсьць «дастатковыя падставы» дапускаць наяўнасьць «грамадзка небясьпечнай хваробы» (у прыватнасьці, гаворка ідзе пра вірус імунадэфіцыту чалавека).
Хвароба COVID-19, выкліканая новым каранавірусам SARS-CoV-2, была аднесеная да «грамадзка небясьпечных» 18 лютага 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «У нас няма ніякай самаізаляцыі», пацыентаў ня варта ізаляваць «аж на 14 дзён»Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.