Дэзынфармацыя ў сфэры аховы здароўя, якая ўжо цягам дзесяцігодзьдзя распаўсюджваецца з Расеі пры падтрымцы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, пасеяла ў ЗША шырокую разгубленасьць, нанесла шкоду важным грамадзкім інстытутам і паспрыяла распаўсюду сьмяротных хваробаў.
Да такіх высноваў прыходзіць журналіст The New York Times Уільям Дж. Броўд у расьсьледаваньні «Доўгая вайна Пуціна супраць амэрыканскай навукі».
У прыватнасьці, Броўд піша:
«Расьсьледаваньне The New York Times — якое ўключае мноства інтэрвію, а таксама агляд навуковых працаў, навінаў, расейскіх дакумэнтаў, твітаў і тэлешоў — паказала, што Пуцін распаўсюджваў дэзынфармацыю па пытаньнях здароўя цягам больш як дзесяцігодзьдзя.
Яго агенты неаднаразова ўкаранялі і распаўсюджвалі ідэі, што вірусныя эпідэміі — у тым ліку грыпу, Эболы, цяпер каранавірусу — былі выкліканыя амэрыканскімі навукоўцамі. Дэзынфарматары таксама імкнуліся падарваць веру ў бясьпеку вакцынаў — дасягненьняў у галіне аховы здароўя — якія Пуцін сам прасоўвае на радзіме».
Як адзначаюць экспэрты, Масква імкнецца прадставіць амэрыканскіх чыноўнікаў людзьмі, якія не зважаюць як мае быць на трывожныя сыгналы ў сфэры аховы здароўя і тым самым уяўляюць сур’ёзную пагрозу для бясьпекі грамадзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Захад змагаецца зь «віруснай» прапагандай аўтарытарных рэжымаўАўдыторыя адкрытай крамлёўскай дэзынфармацыі на дзіва вялікая, адзначае The New York Times. Відэаролікі расейскага тэлеканалу Russia Today (перайменаванага ў 2008 у RT) у сярэднім маюць мільён праглядаў у дзень. З часу стварэньня гэтай расейскай телесеткі ў 2005 годзе яе відэа мелі больш за чатыры мільярды праглядаў.
Броўд прыгадвае «шалёна ўдалую», на яго думку, дэзынфармацыйную кампанію, якую ў 1980-х гадах праводзіў савецкі КГБ, дзе служыў тады Ўладзімір Пуцін. Тая кампанія пашырала дэзынфармацыю, што сьмяротны вірус, які выклікае СНІД, быў распрацаваны амэрыканскімі вайскоўцамі для зьнішчэньня чорных грамадзян — і яна праводзілася на 25 мовах у 80 краінах да 1987 году, што падрывала амэрыканскую дыпляматыю, асабліва ў Афрыцы.
У сувязі з гэтым амэрыканскае выданьне піша:
«Прэзыдэнт і прэмʼер-міністар Расеі спадар Пуцін прыняў і пашырыў правілы гульні, зьвязваючы любую натуральную эпідэмію з амэрыканскай крывадушнасьцю. Атака на амэрыканскую сыстэму аховы здароўя і веру ў яе стала адметнай рысай яго кіраваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвінавацілі Расею, Кітай і Іран у дэзынфармацыі аб каранавірусеАмэрыканскае выданьне дае прыклады дэзынфармацыйных кампаній у сфэры аховы здароўя, якія Расея праводзіла ў RT і сацыяльных сетках пры дапамозе «фабрык троляў» ды фэйкавых акаўнтаў:
- 2009 — эпідэмія небясьпечнага для жыцьця грыпу (выкліканага вірусам H1N1) падавалася як штучна выкліканая экспэртамі ў галіне біяінжынэрыі;
- 2014 — эпідэмія, выкліканая вірусам Эбола ў Заходняй Афрыцы, падавалася ў сеціве як амэрыканская спроба ператварыць афрыканцаў у паддосьледных жывёл для выпрабаваньня біязброі;
- 2017 — у Твітэры ўзьнялася кампанія супраць амэрыканскага навукоўца Робэрта Гала, аднаго з адкрывальнікаў вірусу СНІД, з фальшывымі сьцьвярджэньнямі, што ён вынайшаў гэты патагенны арганізм, каб зьменшыць колькасьць насельніцтва ў сьвеце.
Выданьне заключае:
«Спадар Пуцін распаўсюджваў ілжывыя і трывожныя наратывы ў сфэры аховы здароўя ня толькі пра хваробатворныя мікраарганізмы і вакцыны, але і пра радыёхвалі, біяінжынэрныя гены, прамысловыя хімічныя рэчывы і іншыя тэмы сучаснага жыцьця… Аналітыкі бачаць у гэтым намаганьне ня толькі падарваць давер да амэрыканскіх чыноўнікаў, але і дасягнуць чагосьці больш грунтоўнага: нанесьці шкоду амэрыканскай навуцы — падмурку нацыянальнага росквіту».