Нефармальны карантын працягваецца. Чым сябе заняць? Як адпачыць і правесьці час карысна? Сабралі для вас онлайн-актыўнасьці на кожны дзень.
Адмысловыя прапановы ад Радыё Свабода
12 красавіка ў сьвет выйшла кніга «Каліноўскі на Свабодзе». Яе можна атрымаць у папяровым варыянце. А для аматараў лічбавай прасторы яна даступная онлайн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Велікодны падарунак нашым чытачам. Выйшаў у сьвет вялікі «Каліноўскі на Свабодзе»
Новы падкаст ад ляўрэата прэміі Гедройця
Новы падкаст-сэрыял Зьмітра Бартосіка «Сёмая вобласьць» пра падарожжы па былой Маладачанскай вобласьці ўжо даступны на нашым сайце.
«Для паўнейшага пагружэньня ў эпоху мы будзем вандраваць пад беларускія песьні 40-х і 50-х гадоў. А таксама не абмінем увагай тагачасную абласную і раённую прэсу», — кажа аўтар.
Падрабязьней чытайце тут.
Паслухаць «Забойцу анёла» Вінцэся Мудрова
У зборніку з 13 апавяданьняў апісваюцца падзеі савецкага мінулага, часоў перабудовы і сучаснасьці. Кніга ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Ежы Гедройця 2018 году.
Аўдыёвэрсію можна паслухаць тут.
Новы альбом ад The SUPERBULLZ
15 красавіка ў 20:00 адбудзецца онлайн-канцэрт у падтрымку новага альбому на YouTube-пляцоўцы Live Spot.
«Мы зайграем паўнавартасны электрычны канцэрт, са стадыённым гукам. У гэты вечар будуць выкананыя трэкі зь першага альбома, а таксама трэкі з нашымі ўсім вядомымі сябрамі», — кажа ўдзельнік гурту Алесь-Францішак Мышкевіч.
«Гурту не было чуваць даўно, але з аб’ектыўных прычын — гэта проста мой шчыльна заняты час у сувязі з удзелам і гастрольным графікам „Ляпіс-98“ і ўвогуле працай у Brutto Nostra», — тлумачыць ён.
Цяпер падчас непрадугледжаных вакацый у гурту зьявілася магчымасьць зрабіць нешта з уласным праектам.
«Добрая праца заўсёды не застанецца без увагі. Таму мы нікуды і не сыходзілі, каб нам патрэбна было б вяртацца. Проста выступ супэр-гурту! І запіс альбома „нумар 2“. Натхненьня бязьмерна шмат!» — пераконвае Мышкевіч.
Новы альбом будзе на беларускай мове з дыялектамі Палесься і дамешкам ангельскай. Музыкі абяцаюць, што ён стане «адметна больш жорсткім».
Гурт NIZKIZ выступіць онлайн
13 красавіка можна паглядзець трансьляцыю канцэрту аднаго з самых папулярных беларускіх гуртоў. Усё будзе адбывацца на плятформе VOKA. Для тых, хто не пасьпее паглядзець канцэрт у жывым эфіры, запіс будзе даступны ў архіве.
Беларускі Свабодны тэатар
Тэатар працягвае сваю кампанію Love Over Virus. На гэтым тыдні гледачоў чакае, акрамя штодзённых «Казак на ноч» і онлайн-трэніровак па серадах і пятніцах, паказ двух спэктакляў.
- 18 красавіка — New York 79’
- 19 красавіка — Minsk 11’: a reply to Kathy Acker
Рэжысэр абодвух спэктакляў — Уладзімер Шчэрбань.
Усе актыўнасьці тэатру праходзяць тут і ў сацыяльных сетках.
Цэнтар «АРТ Карпарэйшн»
адкрывае доступ да ўласнага тэатральнага архіву.
На Youtube-канале цэнтру пакажуць Patris — спэктакль пра радзіму паводле п’есы Дзьмітрыя Багаслаўскага, Віктара Красоўскага і Сяргея Анцалевіча.
Трансьляцыя будзе даступная на працягу месяца.
«Перагледзець клясыку» прапаноўвае тэатар імя М.Горкага
У рамках новага праекту, які стартуе 13 красавіка, пакажуць самыя знакавыя і адметныя спэктаклі. На бліжэйшым тыдні можна ўбачыць:
- 13 красавіка — «Анджэла і іншыя...», рэжысэр-пастаноўшчык Барыс Луцэнка.
- 15 красавіка — «Трагічная аповесьць пра Гамлета, прынца Дацкага», рэжысэр-пастаноўшчык Барыс Луцэнка.
- 18 красавіка — «Дзівакі», рэжысэр-пастаноўшчык Валянціна Еранькова.
- 19 красавіка — «Ваўкі і авечкі», рэжысэр-пастаноўшчык Аркадзь Кац.
Трансьляцыі будуць даступныя тут, а таксама ў групах у сацыяльных сетках з 18:00 у дзень прагляду і да 18:00 наступнага дня.
«Экзыстэнцыяльная драма ў 2 актах адчаю»
18 красавіка Магілёўскі абласны тэатар лялек пакажа спэктакль «На дне» рэжысэра Ігара Казакова.
«У спэктаклі глыбокая трагедыя пераплятаецца з чорным гумарам, лялькі зьмешваюцца з акторамі, перасякаючы мяжу страшнай казкі і тэатра абсурду», — гаворыцца ў апісаньні.
А 19 красавіка можна паглядзець спэктакль «У маленькай сядзібе» паводле Станіслава Віткевіча ад Магілёўскага драматычнага тэатру.
Усе трансьляцыі будуць праходзіць на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў», а таксама ў сацыяльных сетках.
Онлайн-экскурсія па выставе Лазара Хідэкеля
Ва Ўсясьветны дзень мастацтва, 15 красавіка, на відэасэрвісе VOKA пакажуць выставу «Нас зразумеюць праз 100 год».
«Кожны ахвотны зможа пазнаёміцца з творчасьцю аднаго з заснавальнікаў аб’яднаньня УНОВІС Лазара Хідэкеля — выбітнага мастака-авангардыста, першага ў сьвеце супрэматычнага архітэктара», — гаворыцца ў прэс-рэлізе падзеі.
Экскурсію, прымеркаваную да закрыцьця выставы ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, можна паглядзець бясплатна і зь любога пункту сьвету. Эфір пачнецца а 19-й гадзіне.
Онлайн-выстава Lockdown
Chrysalis Mag заклікае падтрымліваць карантын і прапаноўвае сабрацца разам на адлегласьці. Першую віртуальную выставу 100 мастакоў Беларусі паглядзець можна проста па спасылцы.
«Слова Lockdown выкарыстоўваецца для апісаньня жорсткага рэжыму ізаляцыі і карантыну, пры якім абмяжоўваецца праца ўсіх грамадзка-культурных імпрэзаў і інстытуцый. Такі мэтад добры, каб спыніць распаўсюд вірусу, але разам з тым ён ставіць пад пагрозу працу культурных інстытуцый.
У онлайн-выставе возьмуць удзел каля 100 маладых мастакоў зь Беларусі. Сярод іх Ганна Радзько, Усевалад Швайба, Рома Камінскі, Міхаіл Сянькоў, Doctor Oy, Надзея Макеева. Віртуальныя наведнікі выставы змогуць зьвязацца з мастакамі праз сайт. Частку прац можна будзе набыць», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Таксама можна наведаць акаўнт часопіса ў Instagram. Там будуць праходзіць адкрытыя інтэрвію і дыскусіі з удзельнікамі.
Паглядзець выставу і натхніцца беларускім мастацтвам у рэжыме онлайн можна да 24 красавіка.
Падкаст «Культурная Сядзіба»
Штотыднёвы сумесны падкаст «Арт Сядзібы» і Эўрарадыё пераехаў падчас карантыну са студыі дадому.
«Я ўжо правёў тры выпускі падкасту з дому, — расказвае аўтар і вядоўца Аляксей Сапрыкін. — Трэба пераседзець, пачакаць, пакуль гэта ўсё скончыцца, і з новымі сіламі і натхненьнем вярнуцца да звыклага студыйнага фармату. Безумоўна, тэхнічныя праблемы будуць вырашацца, і з кожным разам якасьць будзе ўсё лепшая».
Цяпер «Культурную Сядзібу» можна глядзець онлайн кожны панядзелак а 12 гадзіне тут ці ў сацыяльных сетках «Арт Сядзібы» і Эўрарадыё. Ранейшыя выпускі таксама ёсьць у адкрытым доступе.
«Арт Сядзіба» запускае «Размоўны клюб»
Гэта бясьпечная прастора для размоваў па-беларуску ўжывую.
Для тых, хто даўно хацеў паспрабаваць размаўляць, але саромеўся або не было з кім. Размовы будуць праходзіць праз праграму ZOOM два разы на тыдзень: аўторак і субота ў 19:00. Першыя сустрэчы пройдуць 13 і 18 красавіка.
Стрым ад Альгерда Бахарэвіча і Юліі Цімафеевай
Цяпер як ніколі багата самых розных онлайн-заняткаў і імпрэз. Ва ўсім разабрацца можна будзе 16 красавіка а 19 гадзіне ў стрыме пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча і паэткі і перакладчыцы Юліі Цімафеевай, якія адабралі ўсё самае цікавае і карыснае зь нямецкамоўных рэсурсаў.
«Пасьля гэтага стрыму вы ня будзеце адчуваць віну за тое, што не скарысталіся ўсімі культурніцкімі прапановамі ў онлайне. Альгерд і Юлія раскажуць, як ратуюцца ад ізаляцыі і што трэба глядзець і слухаць», — гаворыцца ў апісаньні падзеі ў Facebook.
Эфір адбудзецца на старонцы Goethe-Institut Minsk.