Настаяцеля праваслаўнай царквы ў Брашавічах Драгічынскага раёну айца Віктара ізалявалі ў Безьдзежскую ўчастковую бальніцу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Айцец Віктар сказаў карэспандэнту Свабоды, што 5 красавіка хаваў старую жанчыну. Яна памерла ў Менску, і дачка прывезла яе пахаваць на вясковых могілках. Пазьней у дачкі выявілі COVID-19.
«Пасьля таго як яна зьехала з Драгічына ў Менск, патэлефанавалі і сказалі, што мы знаходзіліся ў кантакце і што трэба здаць мазок і ізалявацца на ўсялякі выпадак. І нас пакуль забралі ў Безьдзеж», — сказаў сьвятар.
Айцец Віктар пакуль ня ведае, які ў яго вынік тэсту на каранавірус. Яго і яшчэ трох сваякоў памерлай, якія былі на хаўтурах, узялі ў лякарню раніцай 12 красавіка і ў той жа дзень зрабілі тэсты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр працаўнік заводу ў Жыткавічах, дзе ў сакавіку знайшлі каранавірус, а потым зьняпраўдзілі гэта«Нас прывезьлі ў бальніцу, паказалі, вось ваша палата. Мэдработнікі былі поўнасьцю ў экіпіроўцы, у акулярах, масках. У палаце прыбіральня, умывальнік. Сказалі не выходзіць нікуды, нават на калідор. Лякарня ўжо, відаць, падрыхтаваная для падобнага выпадку. Чакаем вынікаў».
Галоўны ўрач драгічынскай бальніцы Аляксандар Пратасевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў раёне пакуль не зарэгістравана ніводнага выпадку каранавірусу. За станам айца Віктара і іншых шпіталізаваных у Безьдзежскую ўчастковую бальніцу вядзецца назіраньне. Як атрымалася, што яны сталі кантактнымі, Аляксандар Пратасевіч не патлумачыў.
«Вынікі тэстаў будуць вядомыя хутка. Частка інфармацыі ў нас ужо ёсьць, станоўчых няма. Але іх усё роўна павінны назіраць да 14 дзён», — сказаў ён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ