Кітай узмацніў патруляваньне на мяжы з Расеяй, каб не дапусьціць патоку інфікаваных каранавірусам, паведамляе Bloomberg. Паводле агенцтва, КНР арганізавала на поўначы краіны няспынныя патрулі пасьля росту выяўленых выпадкаў COVID-19 у асяродзьдзі кітайскіх грамадзян, якія вяртаюцца з Расеі.
У кітайскім горадзе Харбіне ў мінулыя выходныя ўзмацнілі правілы карантыну. Тэрміны ізаляцыі для некаторых людзей, якія прыбываюць з-за мяжы, цяпер 28 дзён, а ня два тыдні. Мясцовыя ўлады часова пераабсталявалі адзін з офісных будынкаў каля мяжы пад шпіталь. Там ужо прыступілі да працы мэдыкі – у тым ліку тыя, хто мае досьвед працы ў былым эпіцэнтры інфэкцыі, правінцыі Хубэй.
Рост колькасьці заражэньняў у Кітаі – самы высокі за апошнія шэсьць тыдняў. 90 адсоткаў новых выпадкаў зьвязаны зь людзьмі, якія вярнуліся з-за мяжы. Bloomberg адзначае, што Расея можа стаць адной з новых крыніц заражэньня для КНР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Кітаі хавалі інфармацыю пра пашырэньне вірусу больш як 3 тыдні»Пашырэньне каранавірусу новага тыпу пачалося ў Кітаі ў сьнежні мінулага году. Цэнтрам эпідэміі стаў горад Ухань – адміністрацыйны цэнтар правінцыі Хубэй. З канца студзеня горад знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі. На сёньняшні дзень карантын зьняты.
З пачатку эпідэміі ў Кітаі выяўлена больш за 82 тысяч заражэньняў каранавірусам новага тыпу, колькасьць памерлых перавысіла 3300.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
ЗША і краіны Захаду мяркуюць, што Пэкін можа хаваць рэальныя зьвесткі аб выяўленых выпадках заражэньня і памерлых. Кітайскія ўлады гэта адпрэчваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі тысяч чалавек пакінулі Ўхань пасьля адкрыцьця горадуШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ