Беларускія прадпрымальнікі занепакоеныя адсутнасьцю прадметных рашэньняў з боку ўраду аб падтрымцы на фоне распаўсюду COVID-19. Пра гэта заявіла «Інтэрфаксу» кіраўніца бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.
«Бізнэс чакае ад ураду хоць бы першачарговых захадаў у пераадоленьні крызіснай сытуацыі. Пакуль што прадпрымальнікі ня могуць плянаваць сваю дзейнасьць і нясуць страты», — сказала Жанна Тарасевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Насьпеў час раскрыць скарбонку». Лукашэнка паабяцаў падтрымаць бізнэс ва ўмовах каранавірусуБізнэс-саюз правёў апэратыўнае апытаньне прадпрымальнікаў, якое сьведчыць пра рэзкае пагаршэньне іх эканамічнай сытуацыі. Так, у турыстычнай галіне страты ў сакавіку склалі 95-98%. У гандлі і грамадзкім харчаваньні падзеньне выручкі ацэньваецца ў 50-80%. Тое ж тычыцца сфэраў рэклямы, мэдыцынскіх паслуг, пасажыраперавозак.
Раней з крытыкай пазыцыі ўраду выступіў старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандар Швец. Ён заявіў, што іншыя краіны рэалізуюць розныя паводле маштабу захады для падтрымкі эканомікі ў няпросты пэрыяд, толькі Беларусь чакае, што «можа, само разыдзецца».
«Мы да гэтага часу ня ведаем зьместу і лёсу распрацаванага ўрадам і публічна анансаванага прэм’ер-міністрам дакумэнту для падтрымкі эканомікі. Дзе ён? Калі будзе прыняты? Што ў сабе зьмяшчае?» — задаўся пытаньнямі Аляксандар Швец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі заплянаваў падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі каранавірусу на 110 млн рублёў27 сакавіка прэм’ер-міністар Сяргей Румас паведаміў, што ўрад Беларусі распрацаваў комплекс захадаў для забесьпячэньня стабільнай работы эканомікі ў сувязі з каранавірусам. У прыватнасці, разгледзілі магчымасьць падатковых вакацый і карэктаваньня арэнднай платы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ