Забароны і абмежаваньні на наведваньне лясоў па стане на панядзелак, 13 красавіка, рашэньнямі абласных і раённых камітэтаў уведзеныя ў 72 раёнах з 118, паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
Цалкам забароненае наведваньне лясоў у Гомельскай, Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях.
Таксама забарона ўведзена на значнай частцы Менскай вобласьці, уключаючы тэрыторыю вакол сталіцы, і ў шасьці раёнах Магілёўскай вобласьці.
У Віцебскай вобласьці забароны на наведваньне лясоў пакуль ня ўводзіліся.
У Мінлясгасе адзначаюць, што сухое надвор'е з малой колькасьцю ападкаў пасьля адсутнасьці кліматычнай зімы вельмі нэгатыўна ўплывае на колькасьць пажараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Балота 1» і DJ-сэт з паветранага шара. Пра самае вялікае верхавое балота зьнялі фільм«З пачатку году ў лясным фондзе зафіксавана ўжо больш за 200 лясных пажараў, што ў 4 разы больш, чым за аналягічны пэрыяд летась», — паведамляе ведамства.
У сувязі з такой сытуацыяй, дзяржаўная лясная ахова пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. Міністэрства лясной гаспадаркі нагадвае пра тое, што парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі ў лясах і на тарфяніках або забароны на іх наведваньне, якое не прывяло да прычыненьня шкоды, цягне за сабой папярэджаньне або накладаньне штрафу ў памеры да 25 базавых велічыняў (675 рублёў).