Міністэрства аховы здароўя апублікавала 12 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Выпраўленьне. Першапачаткова Свабода паведаміла, што агулам Міністэрства здароўя прызнала 2807 выпадкаў. У міністэрстве патлумачылі, што цяпер публікуюць агульную колькасьць выпадкаў, называючы іх «зарэгістраванымі людзьмі з каранавіруснай інфэкцыяй», і не публікуюць колькасьць шпіталізаваных. Раней жа публікавалі колькасьць шпіталізаваных, памерлых і выпісаных, але не агульную колькасьць.
Паводле міністэрства, на раніцу ў Беларусі:
- 2578 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя з пачатку эпідэміі;
- 50 зь іх маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
- 203 зь іх выздаравелі;
- 26 зь іх памерлі
- 352 новыя выпадкі зарэгістраваныя за дзень;
- 2349 пацыентаў, такім чынам, застаюцца хворымі (у сьвеце гэта называюць «актыўнымі выпадкамі»);
- «у большай часткі пацыентаў хвароба працякае ў лёгкай або сярэдняй форме»;
- ад пачатку эпідэміі зрабілі звыш 64 тысячаў тэстаў на каранавірусную інфэкцыю.
Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Днём раней міністэрства паведамляла пра 2226 выпадкаў каранавірусу, 172 ачунялых і 23 памерлых. 11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала дадаткова дыстанцыявацца і скасаваць масавыя імпрэзы, а таксама «рыхтавацца да найгоршых сцэнароў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы час рыхтавацца да найгоршых сцэнароў» — САЗ пра сытуацыю з COVID-19 у БеларусіШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.