Варыянты адмены або пераносу ваеннага параду ў гонар Дня Перамогі 9 траўня пакуль не разглядаюцца. Пра гэта Tut.by паведаміў намесьнік міністра абароны Беларусі Сяргей Патапенка.
«Падрыхтоўка да параду ідзе ў плянавым парадку. Пакуль абстаноўка ў нас нармальная, праводзіцца комплекс проціэпідэмічных і лячэбна-прафіляктычных мерапрыемстваў, што забясьпечвае падтрыманьне здароўя ваеннаслужачых на належным узроўні. Пакуль у нас ніякіх праблем з падрыхтоўкай да параду няма», — паведаміў Патапенка ў адказ на пытаньне, ці абмяркоўваюцца варыянты пераносу, адмены або правядзеньня без гледачоў ваеннага параду 9 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: «Мне неяк сорамна надзяваць маску, калі іду ў краму»
Намесьнік міністра адзначыў, што далей будуць «глядзець па разьвіцьці абстаноўкі».
Міністэрства абароны таксама не плянуе пераносіць або адмяняць вясновы прызыў.
«Не, пакуль нічога не разглядаем, у плянавым парадку плянуем прызываць. Я думаю, будзем глядзець па разьвіцьці сытуацыі. Гэта ў плянавым парадку ідзе», — заявіў генэрал-маёр.
Патапенка паведаміў, што сярод вайскоўцаў ня выяўлена ніводнага выпадку заражэньня на каранавірус.
Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што ніякія заплянаваныя да сьвяткаваньня Дня Перамогі мерапрыемствы не адмяняюцца, а яго Адміністрацыя шукае рашэньне, пры якім прэзыдэнт зможа ўзяць удзел у сьвяткаваньнях і ў беларускай сталіцы, і ў Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парад 9 траўня Лукашэнка не адменіць: хоча падтрымкі расейскіх «патрыётаў», — палітычны экспэртШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ