Краіны-суседзі Беларусі працягнулі карантынныя захады ў сувязі з каранавірусам, у тым ліку, працягнулі тэрмін, калі нельга прыяжджаць іншаземцам (выключэньне — кіроўцы грузавога транспарту, дыпляматы і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян), паведамляе БелаПАН.
Паводле інфармацыі, разьмешчанай на сайтах адпаведных дзяржаўных органаў гэтых краін:
- у Літву іншаземцы ня змогуць заехаць да 27 красавіка,
- у Польшчу — да 3 траўня,
- у Латвію — да 12 траўня.
Раней дзейнічала забарона: у Літве — з 16 да 30 сакавіка з працягам да 13 красавіка, у Польшчы — з 15 сакавіка па 24 сакавіка з працягам да 13 красавіка, у Латвіі — з 16 сакавіка да 14 красавіка.
Украінская мяжа зачыненая з 17 сакавіка да 24 красавіка (першапачаткова — да 3 красавіка). Расея ўвяла такую меру на пэрыяд з 18 сакавіка да 30 красавіка.
У сувязі з карантынам дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы, Літвы (а таксама візавыя цэнтры гэтых краін) і Латвіі спынілі прыём дакумэнтаў на візы: літоўскае — да 27 красавіка, польскае — да 30 красавіка, латвійскае — да 12 траўня. Візавыя цэнтры Літвы ў Менску і Горадні прымаюць дакумэнты ў кіроўцаў, якія займаюцца грузаперавозкамі.
Беларусь свае межы не зачыняла. Аднак тыя, хто прыяжджае ў краіну абавязаныя два тыдні знаходзіцца на самаізаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як мы можам рызыкаваць жыцьцём людзей?!» Вэтэраны заклікаюць не ісьці на парадШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ