«Ня дай Бог, але калі ад іх я заражуся каранавірусам, дык буду судзіцца», — папярэджвае мянчук Сяргей Кляшчук.
Сяргей Кляшчук падаў у Цэнтральны РУУС скаргу на двух супрацоўнікаў раённага аддзелу ДПС, якія спынілі яго на дарозе і правяралі на наяўнасьць алькаголю.
Паводле кіроўцы, яго прымусілі дыхаць праз здымны плястыкавы каўпачок у адмысловую прыладу, але пры гэтым не паказалі, адкуль дасталі каўпачок, і не карысталіся пальчаткамі. Таксама Сяргея занепакоіла, што міліцыянты не былі ў масках, але ён мусіў сесьці да іх у аўтамабіль, і такім чынам, як ён лічыць, «небясьпечная санітарная адлегласьць» была парушана.
У заяве, пададзенай у міліцыю, Сяргей Кляшчук просіць пакараць супрацоўнікаў за невыкананьне нормаў санітарнай бясьпекі і зьмяніць працэдуру праверкі на алькаголь з улікам сытуацыі з каранавірусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 19 памерлых. У Беларусі прызналі 1981 выпадак каранавірусу, плюс 495 за дзень«Мне зразумела, што цяпер трэба скарэктаваць дзеяньні супрацоўнікаў дарожна-паставой службы, калі яны спыняюць кіроўцаў і правяраюць іх на алькаголь», — лічыць Сяргей Кляшчук і пералічае правілы, якіх, на ягоную думку, абавязкова мусяць прытрымлівацца супрацоўнікі ДПС.
«Па-першае, падчас праверкі яны мусяць карыстацца толькі аднаразовымі прыладамі і абавязкова паказваць кіроўцам, адкуль іх бяруць, каб не было ніякага сумневу. Мяне правяралі з дапамогай нейкай новай прылады — ня так, як раней, калі былі „трубачкі“ і па колеры вызначалі, ёсьць алькаголь ці не. Цяпер гэта такая невялікая прылада, як кніжка, на якой ёсьць экранчык, дзе лічбамі паказваецца ўзровень алькаголю. А дыхаеш туды праз здымны каўпачок.
Мне далі гэтую прыладу ўжо з каўпачком і кажуць: „Дыхайце сюды“. А калі я пачаў абурацца, адкуль гэта ўзялося, сказалі, што нібыта дасталі з пакунку. Аднак пакунак не паказалі. Я дыхнуў, алькаголю не знайшлі, мяне з машыны папрасілі і паехалі, але я так і ня ўбачыў, каб той каўпачок зьнялі. Можа, пасьля мяне ў яго яшчэ сто чалавек дыхала, як і да мяне?», — абураецца кіроўца.
Па-другое, лічыць Сяргей Кляшчук, супрацоўнікі дарожна-паставой службы пры маніпуляцыях з прыладай мусяць на руках мець пальчаткі і быць у мэдычных масках.
«Гэта трэба для захаваньня здароўя ня толькі кіроўцаў, але і супрацоўнікаў ДПС», — мяркуе Сяргей Кляшчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Безь міліцыі мы ніяк», — Лукашэнка пра барацьбу з каранавірусамПа камэнтар Свабода зьвярнулася ў аддзел ДПС Цэнтральнага РУУС. Супрацоўніца аддзелу запэўніла, што для правядзеньня тэстаў на наяўнасьць у дыханьні алькаголю ўжываюць толькі аднаразовыя здымныя прылады.
«Так было і раней, да эпідэміі, тым больш гэтае правіла дзейнічае цяпер», — сказала міліцыянтка.
Яна дадала, што кіроўца меў права адмовіцца ад праходжаньня тэсту на дарозе, дзе яго спынілі, але тады яму б давялося паехаць з супрацоўнікамі ДПС на стацыянарную экспэртызу. Што да нашэньня супрацоўнікамі ДПС масак, суразмоўца сказала, што ёй невядома пра загад экіпажам, якія выходзяць на дзяжурства, надзяваць маскі.
«Магу параіць кіроўцам мець у аўтамабілі сваю маску і надзяваць яе перад размовай з нашымі супрацоўнікамі», — сказала міліцыянтка з аддзелу ДПС Цэнтральнага РУУС.
9 красавіка кіроўца Сяргей Кляшчук аднёс сваю заяву ў Цэнтральны РУУС Менску. Паводле менчука, на ўваходзе ў будынак у яго замерылі тэмпэратуру і прапанавалі працерці рукі адмысловай вадкасьцю-санітайзэрам. Міліцыянты, якія праводзілі гэтыя працэдуры, мелі на тварах мэдычныя маскі. Свабода пацікавілася: у якіх яшчэ міліцэйскіх установах сталіцы ўведзеныя такія правілы?
«Цяпер гэтак сустракаюць наведнікаў ва ўсіх раённых управах міліцыі гораду. Абавязкова правяраюць цеплавізарам тэмпэратуру і прапануюць апрацаваць рукі. Такія правілы дзейнічаюць ужо больш за тыдзень», — паведаміла кіраўніца прэсавай службы гарадзкой міліцыі Натальля Ганусевіч.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ