Міністэрства аховы здароўя Беларусі пакуль не зьвярталася па дапамогу ў Міністэрства надзвычайных сытуацый, але яны гатовыя дапамагаць.
У Міністэрстве надзвычайных сытуацый паведамілі, што далі пералік сваіх магчымасьцяў, лекараў, тэхнікі, мэдабсталяваньня, ахоўных сродкаў, якімі можа скарыстацца пры неабходнасьці Міністэрства аховы здароўя для барацьбы з COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: На пажарах у разы больш гіне, чым ад каранавірусу«У нас ёсьць мэдыцынская служба, тэхніка, мэдабсталяваньне і сродкі аховы. Калі будзе такая неабходнасьць, то Міністэрства аховы здароўя да нас зьвернецца. Ці патрэбны яму нашы магчымасьці, гэта пытаньне да іх», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі.
Канкрэтызуючы магчымасьці ратавальнікаў, Віталь Навіцкі сказаў, што МНС мае мэдыцынскі модуль і санітарную авіяцыю.
«Мы гатовыя да выкананьня задач перавозкі пацыентаў у любым стане зь любога пункту краіны і ў любы пункт бяз шкоды для іхнага здароўя. Гэта была галоўная праблема, раней не было гэтага модуля. Ён быў набыты Міністэрствам аховы здароўя, перададзены нам. Мы не маглі перавозіць з дапамогай нашых верталётаў людзей сярэдняй цяжкасьці і цяжкага стану. Цяпер ёсьць такая магчымасьць. Але пакуль просьбаў такіх з боку Міністэрства аховы здароўя не было», — сказаў Віталь Навіцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 19 памерлых. У Беларусі прызналі 1981 выпадак каранавірусу, плюс 495 за дзеньПрадстаўнік МНС не паведаміў, ці ёсьць сярод ратавальнікаў тыя, хто заразіўся ці памёр ад каранавірусу.
«Асабістую інфармацыю пра стан здароўя ратавальнікаў мы не распаўсюджваем», — сказаў ён.
Ці ёсьць небясьпека заражэньня выратавальнікаў каранавірусам?
«З мэдыцынскім модулем усе гэтыя пытаньні вырашаныя. Ён падтрымлівае ўсе функцыі чалавека і абараняе тых, хто знаходзіцца звонку. Гэта ўсё прадугледжана мэдыцынскім модулем».
У канцы лютага ў двары менскай інфэкцыйнай лякарні МНС паставіла намёты «для правільнага рыштунку мэдыцынскага пэрсаналу і пазьменнай працы ў выпадку паступленьня пацыентаў, у тым ліку ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МНС разгарнула намёты ў двары Менскага інфэкцыйнага шпіталяПаводле Віталя Навіцкага, гэтыя намёты паставілі на просьбу Менгарвыканкаму. Ці будуць такія намёты ставіць каля іншых лякарняў і ня толькі ў Менску?
«Гэта пытаньне не да МНС», — сказаў Віталь Навіцкі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ