У Воршы — першая сьмерць ад каранавірусу

Ілюстрацыйнае фота

У Аршанскім раёне зарэгістравалі першую сьмерць пацыента з каранавірусам. Пра гэта стала вядома 9 красавіка. У памерлага «шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй», паведаміў «Аршанскай газеце» галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аршанскага раёну Сяргей Белы.

Ён таксама сказаў, што агулам у Аршанскім раёне на 9 красавіка зарэгістравана 11 выпадкаў каранавірусу, у дзевяці пацыентаў стан здавальняючы.

У раёне зрабілі больш за 390 тэстаў на каранавірус. Пасьля паўторнага адмоўнага тэсту на COVID-19 зьнялі з мэдычнага назіраньня 26 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 16 памерлі. У Беларусі прызналі 1486 выпадкаў каранавірусу, плюс 420 за дзень

Агулам на раніцу 9 красавіка, паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі:

  • 1331 пацыент з каранавірусам шпіталізаваныя;
  • зь іх 55 маюць патрэбу ў прымусовай вэнтыляцыі лёгкіх;
  • 139 выпісаныя здаровымі;
  • памерлі 16 інфікаваных каранавірусам — прызнаныя тры новыя сьмерці.

Разам гэта дае 1486 прызнаных выпадкаў — плюс 420 выпадкаў за дзень.

У Віцебскай вобласьці, паводле афіцыйнай статыстыкі на 9 красавіка, 364 чалавекі шпіталізаваныя, 35 выпісаныя, 7 памерлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17 ці 41 інфікаваных каранавірусам на Берасьцейшчыне? Статыстыка Мінздароўя і аблвыканкаму не супадае

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ