Экалягічнае бедзтва. Міністэрства прыроды перад сьвятамі заклікала адмовіцца ад плястыкавых кветак на могілках 

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя разам з экалягічнымі аб’яднаньнямі заклікае ня несьці на могілкі плястыкавых кветак.

«Ужо празь некалькі дзён могілкі па ўсёй краіне патонуць у тонах штучных кветак. З выгляду бяскрыўдны плястык наносіць вялізную шкоду прыродзе і небяспечны для чалавека», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы стварылі новы фэрмэнт, які дазваляе эфэктыўна перапрацоўваць плястык

Адмыслоўцы называюць штучныя кветкі «сьмецьцем, якое наносіць шкоду прыродзе, выдзяляючы таксычныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтовыя воды». У выпадку іх спальваньня выдзяляюцца цяжкія мэталы і дыяксыны, якія нэгатыўна ўплываюць на здароўе.

«Штогод пасьля сьвятаў на палігоны цьвёрдых камунальных адкідаў вывозяць каля 1 мільёна плястыкавых кветак. Тэрмін іх раскладаньня — ад 100 да 500 гадоў. Перапрацаваць іх немагчыма», — падкрэсьліваюць у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баімся, але ідзём». Горадня адзначае Вербніцу падчас пандэміі. ФОТА

У якасці альтэрнатывы ў ведамстве называюць жывыя кветкі ў вазонах ці шматгадовыя, высаджаныя ў грунт.

«Яшчэ дзесяцігодзьдзе таму ў Беларусі не было такой разбуральнай традыцыі, як прыносіць на могілкі плястыкавыя кветкі. Раней завязвалі на помнікі і крыжы ручнікі ды стужкі, саджалі жывыя кветкі і дрэвы», — адзначаюць у міністэрстве.

Супраць упрыгожваньня магілаў плястыкам выступаюць і царкоўныя ўлады — як каталіцкія, так і праваслаўныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кветкі для жывых і для памерлых