У настаўніцы зь дзіцячага садка № 434 у Менску пацьвердзілі каранавірус. Усіх дзяцей адправілі дахаты, ім зробяць мазкі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пра гэта Свабодзе паведамілі бацькі, чыё дзіця ходзіць у гэты садок.
«Нам пазваніла выхавацелька і сказала, што ў адной з настаўніц садка сёньня пацьвердзілі каранавірус. Учора яе забіралі з падазрэньнем», — сказалі Свабодзе.
COVID-19 пацьвердзілі не ў выхавацелькі групы, а ў настаўніцы, якая штодня займалася зь дзецьмі ўсіх груп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Садок працуе, а чаму не?» У менскім садку выхавацелька захварэла на каранавірус«Нам сказалі, што, хутчэй за ўсё, заўтра дахаты прыедуць лекары і возьмуць мазкі на каранавірус. Бо нашыя дзеці цяпер — кантакты першага ўзроўню», — сказаў бацька аднаго зь дзяцей.
Ён удакладніў, што апошнім часам у садок хадзіла мала дзяцей. У большасьці груп было ўсяго па 2–3 чалавекі. Некаторыя ўвогуле былі закрытыя.
«Пра карантын пакуль нічога не казалі. Проста папрасілі напісаць заяву, што да канца тыдня дзеці застануцца дома», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзіцячым садку ў Менску нянечка захварэла на каранавірусВа ўпраўленьні адукацыі Савецкага раёну Свабодзе пацьвердзілі, што ведаюць пра выпадак з каранавірусам у садку. Але ці зачыняць садок на карантын, чыноўнікі ня могуць сказаць, бо садок адносіцца да Нацыянальнай акадэміі навук.
Гэта прынамсі трэці пацьверджаны выпадак каранавірусу ў дзіцячым садку ў Менску. Раней Свабода пісала, што ў выхавацелькі і пяці дзяцей садка № 455 таксама пацьвердзілі каранавірус. Таксама каранавірус выявілі ў нянечкі менскага дзіцячага садка № 566. Пасьля бальнічнага яна нібыта не кантактавала зь дзецьмі, але ўсю групу, дзе яна працавала, ізалявалі, а таксама і бацькоў дзетак.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ