Былы мянчук, уладальнік і дырэктар клінікі-сэрвісу сацыяльнага дагляду Right at Home ў Бостане (ЗША) Ўладзімер Зархін праз Радыё Свабода зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам неадкладна ўвесьці ў Беларусі карантын.
— Што цяпер адбываецца ў Бостане з эпідэміяй каранавірусу?
— Масачусэтс, як і іншыя штаты, спазьніўся. У выніку наша сыстэма аховы здароўя знаходзіцца цяпер у вельмі цяжкай сытуацыі — не хапае масак, не хапае пальчатак, не хапае іншых сродкаў індывідуальнай абароны.
Больш за тое, тыя ўстановы, дзе жывуць пажылыя людзі — дамы састарэлых і спэцыялізаваныя шпіталі — сталі рассаднікамі новай інфэкцыі. Гэта адбылося таму, што своечасова не была праведзеная іх карантынізацыя. Адтуль хваля інфэкцыі пайшла на звычайныя бальніцы Бостана і цалкам захлынула іх. На гэтым тыдні мы чакаем пік сьмяротнасьці.
Галоўная бяда ў тым, што небясьпека пагражае абсалютна ўсім. І ня толькі праз асаблівасьці самога вірусу, але і праз тое, што людзі цяпер маюць вельмі абмежаваны доступ да сыстэмы аховы здароўя наогул. Многія клінікі проста зачыненыя. Стаматалягічныя клінікі таксама зачыненыя, бо ўсе баяцца заразіцца. Сёньня трапіць да лекара стала нашмат цяжэй.
— Як вам зь сёньняшняга Бостану бачыцца сытуацыя ў роднай Беларусі?
— Я бачу, што палітыкі ўсіх краін сьвету, як дэмакратычных, так і аўтарытарных, на жаль, не паказваюць свайго лідэрства. Амэрыка — не выключэньне. Амэрыканскія лідэры на ўсіх узроўнях занадта позна зьвярнулі ўвагу на тое, што адбываецца.
Я лічу, што дэмакратыя — гэта выдатная рэч для мірнага часу. Але дэмакратычнае, фэдэратыўнае ўладкаваньне Злучаных Штатаў, на жаль, робіць прыняцьце любых рашэньнях больш павольным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства аховы здароўя не забараняе велікодных службаў. Усе заявы міністра пра каранавірус
У цяперашні час у стане вайны — а я лічу, што мы знаходзімся менавіта ў стане вайны — эфэктыўныя дыктатары маюць больш шанцаў, каб спыніць такую эпідэмію. Але, на жаль, у сьвеце сярод аўтарытарных кіраўнікоў я таксама ня бачу эфэктыўных. Ва ўмовах пандэміі ўсе аўтарытарныя лідэры, у прынцыпе, робяць тое самае, што і дэмакратычныя — спачатку яны адмаўляюць тое, што адбываецца, а пасьля спрабуюць залатаць дзіркі.
— Кіраўнік Беларусі некалькі тыдняў дзейнічаў менавіта так, як вы сказалі: адмаўляў пагрозу, называў яе псыхозам.
— Цяпер у Аляксандра Лукашэнкі ёсьць аграмадны адміністрацыйны рэсурс, і ад таго, як ён ім распарадзіцца, залежыць лёс народу Беларусі.
Вядома, можна казаць пра трактары, гарэлку, пра хакей і пра тое, што мы ня бачым вірусаў на лёдзе, але насамрэч, гэта простае адмаўленьне трагічнай сытуацыі, як гэта мела месца і ў іншых краінах.
У наш час, калі ўсе краіны падаюць адна за адной, як даміно, мае сэнс неадкладна ўвесьці карантын, і найперш для тых, хто найбольш уразьлівы перад гэтай пандэміяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А жэрці што будзем?» — Лукашэнка зноў выказаўся супраць карантыну
Той, хто думае, што вірус пагражае толькі пажылым людзям і тым, у каго падарванае здароўе, а маладых ня тычыцца, моцна памыляецца. Бо галоўная небясьпека гэтай эпідэміі — разбурэньне сыстэмы аховы здароўя. Гэта тое, што сёньня адбываецца ў многіх гарадах Злучаных Штатаў.
Аляксандар Лукашэнка сёньня мае магчымасьць пры дапамозе аўтарытарных загадаў такога распаду не дапусьціць.
Я магу патлумачыць спэцыяльна для кіраўніка Беларусі. Вось што сёньня адбываецца ў Амэрыцы. Калі ложкі ў бальніцах занятыя заражанымі каранавірусам — тымі, хто ня можа дыхаць, бо яны імунакампрамізаваныя, і старымі ў цяжкім стане са спадарожнымі хваробамі — мэдыцына робіцца недаступнай тым, каму яна патрэбная зь любымі іншымі хваробамі.
Цяпер ня трэба думаць, што 20-гадовы чалавек, які трапляе ў аўтааварыю, атрымае дапамогу, або 45-гадовы бацька дваіх дзяцей, у якога знайшлі рак, атрымае дапамогу ў такой сытуацыі. І гэта тычыцца ўсіх.
Я лічу, што карантынізацыя цяпер прадухіліць каляпс сыстэмы аховы здароўя. Я знаходжуся далёка і ня ведаю дакладна, наколькі цяпер ужо позна, наколькі Беларусь спазьнілася з гэтымі рашэньнямі, але лепш цяпер, чым пазьней.
— У аўтарытарнай краіне «карантын» можа мець палітычны кантэкст: абмежаваньне свабод, войскі, міліцыя на вуліцах, затрыманьні і далейшае пагаршэньне ў галіне правоў чалавека і палітычных свабодаў.
— Гэта абсалютна ня тое, пра што я казаў. Карантын павінен мець выключна мэдычныя мэты і не павінен служыць прыкрыцьцём для дасягненьня мэтаў палітычны. У адваротным выпадку, гэта толькі пагоршыць крызіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За карантын у Беларусі сабралі 150 000 подпісаў, пэтыцыю выслалі Сусьветнай арганізацыі здароўя
— Калі б вы сядзелі за сталом перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, што б вы яму сказалі ў гэтай сытуацыі?
— Я б сказаў: дарагі Аляксандар Рыгоравіч, я ўсё разумею, ты палітык, табе трэба ўтрымліваць уладу. Але цяпер прыйшоў твой чарод паказаць эфэктыўнасьць твайго аўтарытарнага кіраўніцтва. Нічога не замоўчваючы, не ківаючы, маўляў, у іх так, а ў нас гэтак, а проста карантынізаваць краіну. І тады эфэктыўнасьць твайго кіраваньня, не замоўчваючы лічбы, не спрабуючы схавацца ад праблемы з дапамогай хакею, трактару і гарэлкі, але вырашаючы праблему ўвядзеньня карантыну, праявіцца на справе.
— Гэта значыць, ваш галоўны заклік да Лукашэнкі — тэрміновае ўвядзеньне карантыну?
— Так, гэта адзіная магчымасьць уратаваць больш жыцьцяў. І карантынізаваць найперш тых, хто знаходзіцца пад большай рызыкай.
А таксама забясьпечыць мэдычны пэрсанал сродкамі індывідуальнай абароны, каб яны не адчувалі дэфіцыту ні ў чым.
***
Уладзімер Зархін нарадзіўся ў Менску. Выпускнік Беларускага Політэхнічнага інстытуту і Бостанскага ўнівэрсытэту. Ад 1993 году жыве ў ЗША. Уладальнік і дырэктар клінікі-сэрвісу сацыяльнага дагляду Right at Home ў Бостане.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ