Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі праводзіў 6 красавіка маніторынг наяўнасьці ў аптэках Менску сродкаў індывідуальнай абароны, антысэптыкаў і парацэтамолу — леку для зьбіваньня высокай тэмпэратуры. Пошук у інтэрнэт-сэрвісах паказаў горшую карціну.
Як выявіў Дзяржкантроль пасьля абыходу 130 аптэк (у Менску іх агулам каля тысячы), на 6 красавіка:
- у 33 аптэках (25%) былі мэдыцынскія маскі або рэсьпіратары;
- у 25 аптэках (27%) былі антысэптыкі;
- у 15 аптэках (11%) быў парацэтамол.
Дзяржкантроль мае прэтэнзіі ў тым ліку да дзяржаўных канцэрнаў «Беллегпрам» і «Белхарчпрам», якія не забясьпечылі патрэбы насельніцтва:
«Канцэрну „Беллегпрам“ не ўдалося ў сьціслыя тэрміны, з улікам вастрыні пытаньня, мабілізаваць швейныя прадпрыемствы на выпуск мэдыцынскіх ахоўных масак у неабходнай колькасьці, — заявіў старшыня КДК Леанід Анфімаў. — Інакш як няспрытнасьцю і зьніжаным пачуцьцём адказнасьці гэта растлумачыць не магу. Гэты мэдыцынскі выраб не патрабуе нейкіх касьмічных тэхналёгіяў, супэрсучаснага абсталяваньня, асаблівай кваліфікацыі работнікаў. Мэдыцынскія маскі — гэта сёньня гарантаваны збыт, і рэнтабэльнасьць някепская».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі і лекары ідуць на «каранавірусную» нараду да Лукашэнкі бяз масак. ФАТАФАКТБылі выяўлены і завышэньні цэнаў празь «неабгрунтаваных пасярэднікаў»: так, у адной аптэцы выявілі завышэньне цаны дызынфэкцыйнага сродку для рук у тры разы, сродак закупілі праз ланцуг з трох пасярэднікаў.
Што паказвае інтэрнэт-пошук
У Беларусі ёсьць шэраг сэрвісаў, якія паказваюць наяўнасьць тавараў у аптэках практычна ў рэальным часе.
Так, сэрвіс 103.by мае зьвесткі з 3744 аптэк па краіне, 857 па Менску. Ён знаходзіць мэдыцынскія маскі па цане ад 22 капеек у 228 аптэках краіны (6% ад усіх у сэрвісе, цана ад 22 капеек) і 5 у Менску (менш за 0,6%, цана ад 1,3 рубля).
Аналягічны сэрвіс Tabletka.by ведае пра 3804 аптэкі ў Беларусі, 896 у Менску. Ён знаходзіць толькі ў 33 аптэках краіны — «аднаразовыя ахоўныя маскі для твару», у 32 — «мэдыцынскія маскі», у 8 аптэках — «аднаразовыя ватна-марлевыя маскі».
На момант публікацыі 103.by паказаў наяўнасьць парацэтамолу беларускай вытворчасьці па 10 таблетак 200 мг толькі ў 8 аптэках Менску (цана — 52–53 капейкі), па 20х200 — у адной (за 1 рубель), па 20х500 — у 14 (1,54–1,55 рубля). Украінскі парацэтамол у сыропе і сьвечках ёсьць у больш як сотні аптэк сталіцы.
Лукашэнка абураўся, пагражаў ураду
Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка склікаў нараду аб сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі з удзелам 30 чыноўнікаў і кіраўнікоў установаў аховы здароўя. Ён папярэдзіў прэм’ер-міністра і ўрад, што «калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне дакладуць, што чагосьці не хапае ў аптэках, крамах або лякарнях, асабліва для аховы лекараў, ураду ня будзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 інфікаваных за дзень — «катастрофы няма». Усе цытаты з «каранавіруснай» нарады Лукашэнкі«Гэта абы-што, што мы чагосьці ня можам зрабіць, — абурыўся Лукашэнка. — Маску гэтую няшчасную ня можам пашыць для насельніцтва. Яны ж ідуць, шалікамі закрываюцца, правільна робяць, але няўжо мы маскі ня можам пашыць?»
Ён таксама загадаў Дзяржкантролю «жэстачайшым чынам шчаміць гэтыя крамы і аптэкі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.