Мэдыкі, якія заразіліся COVID-19, не працавалі ў аддзяленьнях для лячэньня пацыентаў з каранавірусам. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу СТБ расказаў міністар здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.
«Існуюць выпадкі, калі па мэдыцынскую дапамогу пацыент зьвяртаецца ў звычайную паліклініку. Хоць мы ўвесь час просім: калі ў вас прыкметы рэсьпіраторнай інфэкцыі, ня трэба нікуды хадзіць, выклікайце лекара да сябе. Але ўсё роўна часам прыходзяць на прыём».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менш за паўсотні апаратаў на 200 тысяч насельніцтва». Нэўроляг адкрыта гаворыць аб праблемах і посьпехах беларускай мэдыцыныМенавіта пасьля такіх візытаў, па словах чыноўніка, і захварэлі лекары. Былі таксама выпадкі, калі чалавек з каранавірусам трапляў у агульныя аддзяленьні, дзе мэдпэрсанал абаронены горш.
«У выніку мы атрымалі, што менавіта ня ў тых стацыянарах, дзе дапамагаюць пацыентам з каранавірусам, а ў іншых меліся факты інфікаваньня мэдработнікаў. Нашая лёгкая прамысловасьць дадаткова плянуе выпускаць да 1 мільён масак штодзень. Гэта задаволіць і патрэбы насельніцтва, і папоўніць запасы нашых установаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А жэрці што будзем?» — Лукашэнка зноў выказаўся супраць карантынуРаней пра тое, што ў Віцебску заразіліся больш за 10 мэдыкаў, паведаміў падчас нарады Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым ён чарговым разам выказаўся супраць увядзеньня карантыну.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ