На 21 мэтэастанцыі Беларусі 7 красавіка былі зафіксаваныя тэмпэратурныя рэкорды, піша БелаПАН.
У Менску і абласных цэнтрах рэкорды не былі пабітыя, але максымумы фіксавалі ва ўсіх абласьцях — ад аднаго ў Горадзенскай да шасьці ў Віцебскай.
У Івацэвічах было +20,6°С — папярэдні рэкорд у +17°С быў у гэты дзень у 2005 годзе. Крыху меншы рэкорд адзначылі таксама ў Лунінецкім раёне: сёлета +20,5°С, папярэдні рэкорд — +19,4°С у 2005 годзе.
Рэкордныя +20,3°С былі ў Ганцавічах (было +19,1 у 2005-м), Высокім (было +19,5 у 2005-м) і Стоўпцах (было +17 у 2016-м). Іншыя рэкорды цеплыні «халаднейшыя», самы «халодны» ў Амсьціславе: сёлета +16,8°С супраць 15,8°С у 2010-м.
Але абсалютны рэкорд краіны 7 красавіка ня быў пабіты. У гэты дзень у 1975 годзе ў Васілевічах зафіксавалі +26,2°С. Найцяплей у 2020-м у гэты дзень было ў Жыткавічах, +22,8°С, але мясцовы рэкорд там таксама не пабіты.
З пачатку вясны ў Беларусі сумарна было зафіксавана 150 рэкордаў цеплыні і 10 тэмпэратурных мінімумаў. Уся зіма была рэкордна цёплай — так званай кліматычнай зімы ў Беларусі не было ўпершыню ў гісторыі назіраньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі не было зімы. Тлумачэньне навукоўцаў