У раённы шпіталь трапілі 39 жыхароў пасёлку Камунар, што пад Буда-Кашалёва. Зь іх 24 — трэцяклясьнікі. Прычына — у аднаго з трэцяклясьнікаў знайшлі каранавірус. Ён займаўся ў Гомельскай СДЮШАР-4, два трэнэры якой захварэлі на COVID-19.
29 чалавек пасьля тэстаў са шпіталя адпусьцілі, 10 застаюцца пад мэдычным наглядам. Гэта сям’я хлопчыка, чатыры школьнікі, якія сядзелі ў клясе блізка каля яго, а таксама настаўніца.
Свабода высьветліла, як камунараўцы сустрэлі «заразны» выклік.
На вуліцах людзей вобмаль. Жыхары стараюцца бязь лішняй патрэбы не выходзіць з дому. Пэнсіянэры назіраюць за жыцьцём пасёлку з вокнаў і бальконаў. Адна пэнсіянэрка сядзіць на самоце на лавачцы пад пад’ездам.
«Слухайце, што нам, старым, рабіць? ЦІ можна ўжо выходзіць з кватэр? Я сёньня толькі першы раз выйшла», — пытаецца ў нас пэнсіянэрка ў масцы.
Усе, хто сьпяшаецца ў краму ці на працу, — у масках, некаторыя — у пальчатках.
Дзеці бавяць час на гульнявых пляцоўках, арэлях. Усе спрэс — у масках ці рэсьпіратарах. Просім у іхніх бацькоў дазвол на здымкі. «Насьця, дамоў, хутка!» — замест дазволу дзіця заганяюць назад у кватэру.
«Шчыра — першы раз за тыдзень выйшлі на вуліцу! Замаркоціліся ўжо ў хаце сядзець зь дзецьмі. Мы іх у садок ня водзім. Ня толькі пасьля гэтага выпадку са школьнікам, але і раней не вадзілі — мы за пільнасьць. Мы ня сталі вадзіць дзяцей у садок, як толькі пайшла інфармацыя пра каранавірус. Маскі, антысэптыкі — усё гэта мы выконваем», — кажуць маладыя бацькі Тацяна і Вячаслаў. У іх двое малых дзяцей.
У пасёлку жыве больш за 2 тысячы чалавек. Большасьць зь іх працуе на мясцовай птушкафабрыцы.
«Я на працу больш аўтобусам ня ежджу, пехатой хаджу — ці мала хто едзе ў тым аўтобусе? Іх, натуральна, дэзынфікуюць, але лепш я пехатой на працу дабяруся. Карантын трэба ўводзіць, і даўным-даўно», — разважае мясцовая жыхарка.
Аксана — маладая маці. Яна таксама ня водзіць дачку ў садок, і наагул сям’я сама абвясьціла карантын. «Сядзім дома, муж пакуль у адпачынку. На вуліцу стараемся не выходзіць. Сёньня — першы раз за тыдзень як мінімум, бо надворʼе добрае. Нашу выхавацельку з садку таксама забіралі на праверку ў Буда-Кашалёва. Яна ехала ў адной маршрутцы з тым хлопчыкам», — кажа Аксана.
«Пад’езд дэзынфікуем самі»
Яна прывучыла дачку апрацоўваць рукі антысэптыкам. У маці з сабой вялікая бутэлька дэзынфэкцыйнага сродку, вільготныя сурвэткі, у дачкі — малая бутэлечка з антысэптыкам.
Сама Аксана дбае пра агульную бясьпеку ў падʼезьдзе.
«Мне ня цяжка. Я ў нашым падʼезьдзе ўсе ручкі, паверхні, поручні апрацоўваю сродкам для дэзынфэкцыі, суседка падлогу мые — таксама з рознымі сродкамі для дэзынфэкцыі. Наколькі я ведаю, зусім мала бацькоў водзяць дзяцей у садок. У каго ёсьць магчымасьць — усе сядзяць дома», — зазначае маладая маці.
На ўваходзе ў Камунараўскую школу вісіць папярэджаньне, што староньнім людзям за вахту праходзіць нельга.
Дырэктар школы Міхаіл Барысевіч расказвае, што да серады ў шпіталі застаюцца сям’я хлопчыка, настаўніца і чатыры школьнікі.
«Наколькі я ведаю, ва ўсіх адмоўныя вынікі аналізаў. Але лекары яшчэ раз пераправераць іх, каб падстрахавацца», — кажа дырэктар.
Ён пазытыўна адгукаецца пра сямʼю хлопчыка, які захварэў. Гэта шматдзетная сям’я, усе вельмі актыўныя, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, розных пасялковых і раённых мерапрыемствах. Бацькі дбалі пра разьвіцьцё дзяцей — аддалі сына на акрабатыку ў Гомель.
«Наколькі я ведаю — зьвязваўся з маці, — хлопчык адчувае сябе добра. Дый усе, каго тады забралі, ня мелі ніякіх праблем са здароўем», — зазначыў Міхаіл Барысевіч.
Ён сьцьвярджае: ніякай панікі ў Камунары не было. Санітарныя службы папярэдзілі людзей, каб тыя падрыхтавалі дзяцей, і забралі малых на праверку.
«Школу чатыры разы апрацавалі рознымі сродкамі»
«Школу мы ўсю апрацавалі сродкамі дэзынфэкцыі, чатыры разы. У нас усё ёсьць для апрацоўкі сьцен, паверхняў, рук. Сёньня, калі трэба, я магу яшчэ тону сродкаў дэзынфэкцыі разьвезьці для апрацоўкі. Шчыра — прасілі дзяцей, каб больш сядзелі па хатах. Мы гатовыя, калі трэба, арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне. У нас і цяпер ёсьць ва ўсіх настаўнікаў, клясных групы ў Viber, нашы філёлягі ўжо скідаюць школьнікам заданьні, зьбіраюцца ў пэўны час, абмяркоўваюць літаратурныя творы праз інтэрнэт. Калі што — клясныя будуць зьбіраць заданьні па розных прадметах і дасылаць дзецям», — тлумачыць Міхаіл Барысевіч.
З панядзелка ў школе пачнуцца заняткі. Але дырэктар зьвяртае ўвагу, што ніхто не забароніць бацькам не пускаць дзяцей у школу, калі тыя не захочуць.
«Мы арганізуем для іх дыстанцыйныя заданьні па школьнай праграме», — дадаў дырэктар.
6 красавіка жыхары Камунара на ўмовах ананімнасьці паведамілі Свабодзе, што вечарам супрацоўнікі «хуткай» у засьцерагальных касьцюмах забралі пэнсіянэрку, жыхарку пасёлка. Гэты выпадак не зьвязаны са шпіталізацыяй 39 чалавек.
«Ранкам — выпісалі, вечарам — забралі ў інфэкцыю»
Муж пэнсіянэркі цяпер сам сядзіць дома, як параілі лекары.
«Мая жонка ляжала ў абласным шпіталі. Учора, 6 красавіка, яе выпісалі, ранкам. Я паехаў і забраў яе. Вечарам нам патэлефанавалі лекары і сказалі, каб яна зноў зьбіралася ў шпіталь — інфэкцыйны. Як ёй патлумачылі, у абласным шпіталі, але гэта недакладна пакуль, у жанчыны, якая зь ёй ляжала, зь іншага раёну, выявілі папярэдне каранавірус. Яны былі ў адной палаце. Цяпер жонка ў інфэкцыі. Але ў яе няма ніякіх прыкмет захворваньня. Вынікі тэсту будуць у сераду. Спадзяюся, зь ёй усё будзе добра», — кажа пэнсіянэр.
Санітарная служба правяла дэзынфэкцыю іх кватэры і падʼезду.
У Гомельскім абласным клінічным шпіталі — карантын. На галоўным уваходзе абвестка: «Наведваньні забароненыя з 6 красавіка». Для сваякоў цяжкахворых пацыентаў прадугледжаны разавыя пропускі.
Атрымаць афіцыйны камэнтар у шпіталі не ўдалося.
У Гомельскай вобласьці на 7 красавіка было 32 выпадкі каранавірусу, 10 зь іх — у Лельчыцкім раёне. Людзі, якія захварэлі на каранавірус, ёсьць у Акцябрскім, Жлобінскім раёнах, Гомлі і Рэчыцы.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ