Заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая сьпявачка і кампазытарка Надзея Мікуліч захварэла на каранавірус. Цяпер яна знаходзіцца ў 6-м шпіталі Менску.
Аналіз на каранавірус узялі таксама ў яе мужа Барыса Белага, у мінулым адміністратара ансамбля «Верасы». Надзея Мікуліч расказала Свабодзе па тэлефоне пра тое, што зь ёй адбылося.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Муж, я думаю, таксама трапіць у шпіталь»
Надзея Мікуліч хварэе з 23 сакавіка.
— Лячылі антыбіётыкамі на ўсялякі выпадак, але тэмпэратура не зьніжалася. Я папрасіла, каб мне зрабілі здымак. Рэнтген паказаў, што ў мяне падазрэньне на левабаковую пнэўманію. На наступны дзень зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнэўманіяю, У суботу мяне паклалі ў 2-і шпіталь Менску. А перад гэтым зрабілі аналіз на каранавірус. У панядзелак мне пазванілі з санэпідэмстанцыі і сказалі, што мяркуецца, у мяне каранавірус, і тады мяне перавялі ў 6-ы шпіталь Цяпер у мяне пнэўманія двухбаковая і каранавірус. Лячуся.
Надзея Мікуліч кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 заўзятых рыбачак пра сакрэты добрага ўлову і найвялікшыя дасягненьні— Тут проста няма руху. Толькі ў палаце і да прыбіральні дайсьці, нікуды нельга хадзіць. Калі я па вуліцы ішла, то задыхалася, не хапала паветра. Цяжка было дыхаць апошнія дні. І дагэтуль цяжка. Кожны дзень правяраюць насычанасьць крыві кіслародам. У мяне крыху паніжаная — трэба 100%, а ў мяне 92%.
Сьпявачка сказала, што ў аўторак аналіз на каранавірус узялі ў яе мужа.
— Сёньня прыяжджалі да мужа, прадэзынфікавалі ўсю кватэру. Праз тры дні будзе вынік. Муж таксама пачынае сябе дрэнна адчуваць. У яго вусны сохнуць. Але ўсё роўна зьбіраецца на лецішча зьезьдзіць на некалькі дзён, а потым, я думаю, што ён таксама трапіць у шпіталь. Мы ж разам былі, у адной кватэры жывём.
«Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ва Узьдзенскім раёне»
Надзея дакладна ня ведае, дзе магла заразіцца.
— Муж хадзіў на працу, езьдзіў у мэтро, у грамадзкім транспарце. Можа, ён быў носьбітам. А можа, у гасьцях атрымала, бо я не адзін раз была ў гасьцях. Усе там здаровыя былі, але адна жанчына з той кампаніі, дзе мы былі, цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў гэтым жа 6-м шпіталі, як і яе муж. Ці яна мужа заразіла, ці муж яе. Яна захварэла 21 сакавіка, а я 23 сакавіка. А ў гасьцях мы былі 18 сакавіка. Я яшчэ адпрацавала 21 сакавіка канцэрт у санаторыі ва Ўзьдзенскім раёне. Тады адчувала сябе тады добра. А потым паднялася тэмпэратура, была слабасьць, спаць хацелася ўвесь час. Млявасьць і абыякавасьць. Усе сымптомы дрэнныя.
Надзя Мікуліч кажа, што яна асьцерагалася каранавірусу, адчувала небясьпеку.
— Я нікуды не хадзіла, толькі выгульвала сабачку. На пошту муж хадзіў пасылку забраць. У краму не хадзіла. Праз інтэрнэт замаўляла. Я імкнулася моцна не кантактаваць зь людзьмі. Калі на вуліцы сустракаліся з сабачнікамі, была на адлегласьці, папярэджвала, што ў мяне тэмпэратура і я ня ведаю, што ў мяне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 13 памерлых. У Беларусі пацьвердзілі 700 выпадкаў каранавірусуСьпявачка кажа, што разам зь ёй ляжаць усе людзі з каранавіруснай інфэкцыяй.
— Тут, напэўна, шпіталь спэцыялізаваны. Маю суседку па палаце ў 2 шпіталі таксама сюды перавезьлі, бо мы разам ляжалі. Потым і ў яе каранавірус знайшлі. Я і яе заразіла. Такая вось гісторыя. У маёй палаце ляжыць жанчына, якую прывезьлі з 3-га шпіталю, і бабулька, якую ўчора з санаторыя «Пралеска» прывезьлі ўначы.
Усе мы ізаляваныя. Усе палаты закрытыя, ніхто ні з кім не кантактуе. Выйсьці можна ў прыбіральню ці душ. Тут агульныя душ і туалет, у палатах няма. Мэдсёстраў не дачакаесься, дактароў не дачакаесься. Нікога няма на паверсе ўвогуле. Там дзе павінна сядзець мэдсястра, ляжыць запіска зь яе тэлефонам, каб, калі трэба, пазваніць. Была праблема, калі бабцы стала дрэнна з сэрцам, мы пазванілі мэдсястры і яна прыйшла праз 40 хвілінаў. Тут памрэш і не дачакаесься доктара і мэдсястры. Яны зробяць сваю справу і ўцякаюць... Спачатку не хацела пра гэта расказваць, а потым усё ж вырашыла расказаць....
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ