Нягледзячы на працяг чэмпіянату, аматары футболу пачалі масава ігнараваць матчы. Застацца дома просяць нават самі клюбы.
Беларускі футбольны чэмпіянат у вышэйшай лізе застаўся адзіным у Эўропе на дадзены момант і адным з трох у сьвеце. Акрамя Беларусі, афіцыйныя матчы па футболе цяпер праводзяцца толькі ў Бурундзі і ў Нікарагуа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уся Эўропа нам зайздросьціць!». Рэпартаж з Жодзіна, дзе прайшоў адзіны ў сьвеце футбольны матчГэты факт ужо выклікаў рост цікавасьці ў сьвеце да беларускага футболу. Толькі афіцыйная тэлевізійная аўдыторыя складае больш за мільярд патэнцыйных гледачоў (правы на трансьляцыю разам зь дзясяткам іншых краіны набыла Індыя). У той жа час, нягледзячы на нежаданьне ўладаў уводзіць карантын і спыняць гульні, самі беларусы на футбол хадзіць амаль перасталі.
327 чалавек у сярэднім на стадыёне
Трэці тур чэмпіянату ў вышэйшай лізе прайшоў 3–5 красавіка, па ўсёй краіне адбылося 8 матчаў. Толькі адзін зь іх прайшоў не паводле заплянаванага сцэнару — гульню «Віцебску» са «Смалявічамі» за два дні да матча перанесьлі зь Віцебску ў Барысаў. Афіцыйная прычына — стан газону на віцебскім стадыёне і дрэнныя ўмовы надвор’я.
Гэты матч у выніку наведалі ўсяго 100 чалавек. А агульная сярэдняя колькасьць заўзятараў на трыбунах стадыёнаў у 3 туры склала 327. Больш за ўсё гледачоў на футбол прыйшло ў Берасьці, дзе мясцовае «Дынама» прайграла мазырскай «Славіі». За гэтым матчам назіралі 546 гледачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску праводзіць гэты футбольны матч забаранілі. ВІДЭААгулам на ўсе матчы трэцяга тура чэмпіянату прыйшло 2619 гледачоў. Для параўнаньня — другі тур (прайшоў з 27 па 29 сакавіка) набраў 8958 заўзятараў, першы (19–22 сакавіка) — 10 474.
У дзесяць разоў менш, чым летась
Колькасьць гледачоў на матчах вышэйшай лігі Беларусі па футболе заўсёды была адносна невялікая на пачатку сэзону і расла бліжэй да яго завяршэньня. Аднак нават з улікам гэтага сёлета наведвальнасьць гульняў заўзятарамі роўна ў дзесяць разоў меншая, чым год таму. У 2019-м трэці тур чэмпіянату наведалі 3273 чалавекі.
Найбольшую колькасьць гледачоў у 2019 годзе зьбіралі берасьцейскае «Дынама» — 8839 у сярэднім на хатнім матчы, БАТЭ — 5050, і «Гомель» — 4075. Сёлета першыя два клюбы змаглі сабраць на апошніх хатніх матчах 546 і 470 гледачоў адпаведна. «Гомель» будзе гуляць у першай лізе і пакуль не пачынаў выступленьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзятары 9 беларускіх футбольных клюбаў заклікалі да самаізаляцыі
«Спынім, калі будзе крытычная сытуацыя»
Перад пачаткам трэцяга тура чэмпіянатам Беларусі зацікавілася Міжнародная асацыяцыя фэдэрацый прафэсійных футбалістаў (своеасаблівы футбольны прафсаюз). Яе кіраўніцтва паведаміла, што будзе дамагацца ад УЭФА спыненьня гульняў у Беларусі. Адказ кіраўніка Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімера Базанава прагучаў у той жа дзень.
«Ніхто на нас ня цісьне, ні УЭФА, ні ФІФА, — паведаміў Базанаў у інтэрвію спартыўнаму тэлеканалу „Беларусь 5“. — Мы самі прымаем рашэньне. Мы ня кажам, што будзем граць цалкам чэмпіянат. Калі будзе нейкая крытычная сытуацыя, тады спынім турнір».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ больш футболу. У дадатак да найвышэйшай лігі ў Беларусі стартуюць першынствы ў першым і другім дывізыёнахНеўзабаве пасьля гэтага аб’яднаньні фанатаў большай часткі клюбаў вышэйшай лігі зьвярнуліся да заўзятараў з просьбай прыпыніць наведваньне матчаў да паляпшэньня эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне. З падобнай заявай да сваіх заўзятараў зьвярнуўся таксама БАТЭ, кіраўніцтва якога папрасіла прыхільнікаў клюбу ва ўзросьце, а таксама дзяцей часова ўстрымацца ад паходаў на стадыён.
Чацьвёрты тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе павінен пачацца ў бліжэйшую пятніцу, 10 красавіка. Матчы першай лігі стартуюць 17 красавіка. Таксама ў Беларусі працягваецца чэмпіянат па хакеі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ