«Чаму вы нічога ня кажаце?» Касьцёл патрабуе ад Мінздароўя адказаць, як арганізаваць бясьпеку вернікаў падчас каранавірусу

  • БелаПАН

Тадэвуш Кандрусевіч

Каталіцкі касьцёл ня можа дамагчыся ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі адказаў на пытаньні пра арганізацыю бясьпекі вернікаў падчас пандэміі каранавірусу, заявіў на прэс-канфэрэнцыі 7 красавіка старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле БелаПАН, Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, што напісаў ліст міністру аховы здароўя Беларусі Ўладзімеру Караніку, запрашаў яго прыйсьці на міжрэлігійную малітву аб пазбаўленьні ад каранавірусу, бо ў Касьцёле маюць шмат пытаньняў наконт таго, што рабіць для бясьпекі вернікаў ва ўмовах распаўсюду інфэкцыі. Паводле яго, Каранік не прыйшоў, адказаўшы толькі, што «ўсё ў парадку, усё пад кантролем».

«Была Пальмавая нядзеля, мы асьвячаем вербы. Я не спэцыяліст, я ня ведаю, нясе вада гэтую заразу ці не. У суботу трэба будзе асьвячаць велікодную ежу, я таксама ня ведаю [ці бясьпечна выкарыстоўваць для гэтага ваду]. Я задаю пытаньне Міністэрству аховы здароўя: што мы павінны рабіць, чаму вы нічога ня кажаце? Я праз вас, праз мэдыя хачу спатканьня з кім-небудзь адказным, пачуць канкрэтныя адказы», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баімся, але ідзём». Горадня адзначае Вербніцу падчас пандэміі. ФОТА

Як адзначыў Кандрусевіч, каталіцкі касьцёл ня можа забараніць вернікам прыходзіць у сьвятыні і ўдзельнічаць у набажэнствах падчас пандэміі каранавірусу, камэнтуючы вялікую колькасьць вернікаў у Пальмавую нядзелю, 4 красавіка, на імшы каля менскага Чырвонага касьцёла, нягледзячы на ягоныя заклікі заставацца дома.

«Мы заклікаем людзей [заставацца дома], але што ж можна зрабіць чалавеку? Мы ня можам стаць альбо нейкага міліцыянэра паставіць. <... > Мы да гэтага заклікаем, і сёньняшняя наша прэс-канфэрэнцыя — гэта таксама заклік да гэтага. Пачуе чалавек ці не пачуе — ня ведаем», — дадаў Кандрусевіч.

Ён таксама заклікаў каталікоў адсьвяткаваць Вялікдзень дома, а тых, хто ўсё ж прыйдзе, «глядзець на стан свайго здароўя і захоўваць неабходную дыстанцыю падчас наведваньня храма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Менску адзначалі Вербніцу падчас пандэміі. Фотарэпартаж

На мінулым тыдні Кандрусевіч запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведваньня касьцёлаў і ўдзельнічаць у сьвяточных набажэнствах з дапамогай трансьляцый. Яшчэ раней арцыбіскуп Кандрусевіч увёў у касьцёлах па ўсёй краіне шэраг правілаў, скіраваных на нераспаўсюджваньне каранавірусу.

Каб не дапусьціць распаўсюджваньня эпідэміі каранавірусу, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько заклікаў не пускаць у храм старых, дзяцей і моладзь.

Некаторыя вернікі, у тым ліку пажылога веку, нягледзячы на заклікі, узялі ўдзел у набажэнствах Вялікага тыдня ў храмах і на вуліцах.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ