У кандуктаркі аўтапарку № 17 у Стоўпцах знайшлі каранавірус, яна цяпер знаходзіцца ў лякарні ў Валожыне.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Пра гэта стала вядома ў нядзелю, паведаміў карэспандэнту Свабоды гендырэктар «Мінаблаўтатрансу» Ўладзімер Федаровіч.
«Наогул у сыстэме „Мінаблаўтатрансу“ гэта адзіны выпадак. Так атрымалася з супрацоўнікам у Стоўпцах. Цяпер вызначаюцца кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А жэрці што будзем?» — Лукашэнка зноў выказаўся супраць карантынуФедаровіч расказаў, што аўтобусы пасьля кожнага рэйсу апрацоўваюцца сродкамі дэзынфэкцыі, а кіроўцы, кандуктары, касіры, начальнікі аўтастанцый забясьпечаныя дэзсродкамі, маскамі і пальчаткамі.
«У нас тут кантроль штогадзінны і збояў не было, усіх гэтых сродкаў хапае, мы іх купілі зараней. А калі супрацоўнік адчувае сябе дрэнна, мы яго тут жа ізалюем, у гэтую ж хвіліну, не чакаем», — сказаў Уладзімер Федаровіч.
У самім аўтапарку сказалі, што кандуктаркі няма на працы цягам чатырох дзён, спачатку яна трапіла ў рэанімацыю, цяпер сябе адчувае лепш. Паводле інфармацыі ад мясцовых жыхароў, жанчына працавала кандуктарам на трох маршрутах грамадзкага транспарту.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ