Празь дзень пасьля вяртаньня жанчына адчула сымптомы захворваньня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Марына Сіўчык — дырэктарка сярэдняй школы ў вёсцы Вялікая Ўхалода Барысаўскага раёну. Цяпер яна знаходзіцца ў барысаўскім шпіталі з COVID-19. Жанчына кажа, што адчувае сябе лепш, чым у першыя дні, калі яе паклалі ў шпіталь і тэст пацьвердзіў наяўнасьць у яе каранавірусу. Марына Сіўчык расказала, як яна падхапіла небясьпечную хваробу.
«21 сакавіка прыехала на адпачынак у санаторый „Пралеска“ пад Менскам. Вядома, калі б тады цяперашні розум, дыу ўвогуле адмовілася б ад пуцёўкі, але хацелася падправіць здароўе. Прабыла там 9 дзён, зьехала раней, але гэтага хапіла, каб падчапіць», — расказала Марына Сіўчык.
Марына Сіўчык пакінула санаторый, калі яшчэ добра сябе адчувала. Прычынай ад’езду стала папярэджаньне адміністрацыі санаторыя, што там «карціна ўжо непрыгожая», пасьля чаго санаторый сталі пакідаць людзі. Празь дзень па вяртаньні дамоў адчула, што забалела горла, але спачатку не турбавалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не камэнтуем». Працягвае працу санаторый «Пралеска», пасьля лячэньня ў якім памёр чалавек з каранавірусам«У мяне былі сымптомы маёй звычайнай прастуды. Была спакойная, бо напярэдадні пасьля гарачай гарбаты зьела марозіва, а гэта для мяне атамная бомба. Толькі боль у горле не праходзіў, і тады я ня стала цягнуць, а зьвярнулася ў „хуткую“, каб мяне праверылі. Думала да апошняга, што ўсё ж пранясе, але не атрымалася. І мая парада цяпер усім, хто адчуе нейкія прыкметы захворваньня: не цягніце, адразу зьвяртайцеся да лекараў. Каб не было, што вы ходзіце на працу ў дрэнным стане, а потым высьветліцца, што хворы. Кожны адказвае за сябе сам. Уключайце галаву».
Марына вельмі ўдзячная дактарам барысаўскага шпіталя за дапамогу.
«У палаце нас дзьве са станоўчым тэстам, але колькі ўсяго ў шпіталі такіх, як я, не магу сказаць. Ёсьць сярэдняй цяжкасьці, ёсьць цяжкія. Ведаю, што сюды прывозілі хворую і з нашага санаторыя, ёсьць з розных месцаў. Але ня ўсё так жахліва, як пішуць на некаторых каналах. Тут усё строга апрацоўваецца, усе мэдыкі толькі ў спэцыяльным адзеньні, мы тут цалкам закрытыя. Да ўсіх увага, і ўсё пільнуецца», — расказала Марына Сіўчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «БПС-Сбербанк» пацьвердзіў сьмерць супрацоўніка галоўнага офісу, у якога быў каранавірус. Яшчэ 11 чалавек у шпіталіПаводле жанчыны, яе сыны, зь якімі яна кантактавала да шпіталя, здалі тэсты, і каранавірус у іх не выяўлены.
У Вялікаўхалодскай сярэдняй школе, дзе Марына Сіўчык працуе, вучацца больш за 100 дзяцей. Паводле дырэктаркі, яе хвароба ніяк не адбілася на эпідэміялягічнай сытуацыі ў школе, бо ані дня ў школе пасьля вяртаньня з санаторыя яна не была.
«Раней у школе правялі ўсе патрэбныя санітарныя работы. Дэзынфэкцыю ў школе зрабілі, яшчэ як толькі першыя зьвесткі зьявіліся пра небясьпеку. Школа забясьпечана антысэптыкамі, зь дзеткамі праводзяцца заняткі, як трэба сябе паводзіць», — запэўніла Марына Сіўчык.
У Вялікаўхалодскай школе карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі, што дырэктарка знаходзіцца ў шпіталі, але адмовіліся расказваць пра сытуацыю ў школе. Ня стаў размаўляць з журналістам і намесьнік начальнік Барысаўскага раённага аддзелу адукацыі Сяргей Гарэлік.
6 красавіка стала вядома пра сьмерць мужчыны, які з 5 па 21 сакавіка адпачываў у санаторыі «Пралеска» пад Менскам. Пра гэта парталу tut.by расказала дачка памерлага. Кіраўніцтва санаторыя 6 красавіка катэгарычна адмовілася размаўляць з журналістам Радыё свабода.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ