У супрацоўніцы менскага Палаца дзяцей і моладзі пацьвердзілася каранавірусная інфэкцыя, яе шпіталізавалі. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала дырэктарка палаца Ганна Аверына.
«Яна ў лякарні, адучвае сябе нарамальна, прайшло ўжо больш за два тыдні. Тыя, хто мусіў быць ізаляваны, тыя ізаляваныя», — сьцьвярджае Аверына.
Аднак палац не закрывалі на карантын, гурткі працягвалі працаваць.
«У мяне пэўныя ўстаноўкі, якія я выконваю, — расказала дырэктарка. — Жанчына не была ў прамым кантакце зь дзецьмі. Да гэтага яна была на бальнічным.
Усе захады бясьпекі, каб мае дзеці і супрацоўнікі былі здаровыя, прынялі, санстанцыя ўсё апрацавала. У мяне ўсё пацьвярджаецца фатаздымкамі. У нас дадатковая адукацыя і няма абавязалаўкі вадзіць дзяцей, гэта вырашаюць бацькі. Усё працуе ў штатным рэжыме».
Паводле дырэктаркі, цяпер дзеці амаль што не наведваюць гурткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «БПС-Сбербанк» пацьвердзіў сьмерць супрацоўніка галоўнага офісу, у якога быў каранавірус. Яшчэ 11 чалавек у шпіталіРаней у Палацы моладзі адмаўляліся камэнтаваць сытуацыю. На пытаньне, ці сапраўды ў адной з супрацоўніц выявілі каранавірус, у прыёмнай адказвалі так:
«Гэта што, нейкая такая навіна, якую вы ўпершыню пачулі? Мы ня будзем камэнтаваць гэтай сытуацыі, і таму вы ў мяне нічога не пытайцеся».
У аддзеле інфармацыйнага забесьпячэньня і рэклямы карэспандэнту Свабоды сказалі, што карантын у палацы не аб’яўлены, гурткі працуюць у звычайным рэжыме.
«Дэзынфэкцыю нашы прыбіральнікі робяць штодня ўжо даўно. Да нас сёньня павінна прыехаць санстанцыя», — сказалі ў аддзеле некалькі дзён таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За карантын у Беларусі сабралі 150 000 подпісаў, пэтыцыю выслалі Сусьветнай арганізацыі здароўяСупрацоўнікі палаца ананімна паведамілі Свабодзе, што захварэла жанчына, якая працуе ў аддзеле мастацкай творчасьці.
«Яна ляжыць у пятай лякарні, — кажа адзін з супрацоўнікаў. — Ёй тэлефанавалі, яна мае тэмпэратуру пад 40, моцны кашаль, цяжка гаварыць і дыхаць, у яе ўзялі тэст на вірус. А ў чацьвер патэлефанавалі зь лякарні нашаму дырэктару і сказалі, што ў яе станоўчы аналіз. Мы чакалі, што адразу прыедзе санстанцыя, правядзе апрацоўку. Але нічога абсалютна. Дзеці працягваюць хадзіць і гурткі працуюць, карантыну ж у дзяржаве няма, таму іх ніхто не адмяняў. Хто хоча, той ходзіць».
У палацы працуе чалавек 400, раней многія ўзялі адпачынкі за свой кошт на два тыдні і нават на месяц.
«Яна нікуды ня езьдзіла. Але яна жанчына рэлігійная, магчыма, была недзе ў закрытым памяшканьні. Бо калі б гэта ад дзяцей, то хварэла б палова аддзелу. Але пакуль ціха», — кажуць у Палацы моладзі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.