Больш за 100 сусьветных і дабрачынных арганізацыяў заклікаюць прыпыніць выплаты запазычанасьцей, каб дапамагчы бедным краінам змагацца з каранавірусам.
Заява была накіраваная ўрадам «вялікай дваццаткі» (G20), Міжнароднаму валютнаму фонду і Сусьветнаму банку. У лісьце гаворыцца пра шэраг захадаў для спыненьня выплатаў пазыкаў у 2020 годзе і зьніжэньня цяжару запазычанасьці ў наступныя гады.
«Краіны, якія разьвіваюцца, зазналі беспрэцэдэнтны эканамічны шок і ў той жа час маюць неадкладнае надзвычайнае становішча ў галіне аховы здароўя», — сказала Сара-Джэйн Кліфтан, дырэктарка Jubilee Debt Campaign.
Беларусь, як і Ўкраіну, у арганізацыі адносілі да краінаў з рызыкай крызісу дзяржаўнай і прыватнай запазычанасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьвярнулася па крэдыт МВФ, які не хацела прасіць яшчэ тыдзень тамуБрытанская дабрачынная арганізацыя — адна з каля 140 падпісантаў звароту. Ініцыятыву таксама падтрымалі Oxfam і Save the Children.
Удзельнікі кампаніі заклікаюць да неадкладнага скасаваньня выплаты запазычанасьці 69 бедным краінам да канца году. У тым ліку размова ідзе аб прыватных крэдыторах. Паводле ацэнак падпісантаў, гэта дазволіць вызваліць больш за 25 мільярдаў даляраў сёлета ды яшчэ 50 мільярдаў налета, калі паслабленьне падоўжаць.
МВФ ужо выдаткаваў 50 мільярдаў даляраў на экстранае фінансаваньне. Каля 80 краінаў ужо зьвярнуліся па дапамогу. Сусьветны банк, са свайго боку, ухваліў пакет для рэагаваньня на COVID-19 на 14 мільярдаў даляраў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.