«Развозім кнігі па горадзе». Як у Віцебску падчас пандэміі выжывае дзіцячая кнігарня

«Абажурчык» — адзіная прыватная кнігарня ў Віцебску, якая спэцыялізуецца на продажы дзіцячай літаратуры. І адзіная ў горадзе, дзе чытаюць дзецям уголас. Гаспадыня кнігарні расказала Свабодзе, як за апошнія тыдні зьмянілася яе праца, што робіцца, каб ня страціць пляцоўку, дзе заахвочваюць да чытаньня.

«Мы фармуем камплекты і дастаўляем па месцы жыхарства»

Кнігарня месьціцца на пятым паверсе буйнога гандлёвага цэнтру «Мега» ў адным са спальных раёнаў Віцебску. Гараджане ведаюць «Абажурчык» як краму і клюб, куды дзеці ідуць на публічныя чытаньні казак, спэктаклі батлейкі і хатніх тэатраў, майстар-клясы, творчыя сустрэчы з аўтарамі. Як і ў большасьці грамадзкіх месцаў Віцебску, цяпер у кнігарні малалюдна.

«Наведнікаў практычна няма, — кажа гаспадыня „Абажурчыка“ Ала Сьпірыдонава. — Зразумела, усе мерапрыемствы скасаваныя. Сытуацыя прымушае нас сысьці ў онлайн. Мы прысьпешваем запуск сайта, каб выбіраць кнігі было зручней».

Цяпер кнігарня працуе ад трэцяй да сёмай гадзіны.

«Мы скарацілі час працы ў краме, але развозім кнігі па горадзе, — кажа суразмоўца. — Людзі пакідаюць запыт — прыкладам, мы будзем ізалявацца зь дзецьмі 6 і 8 гадоў на два тыдні. Патрэбныя кнігі, гульні, размалёўкі на пэўную суму. Мы фармуем такія камплекты і дастаўляем па месцы жыхарства. Бывае і так: некалькі дзён таму нам патэлефанавалі зь Менску і аплацілі сэртыфікат на набор кніг у „Абажурчыку“. Так сябры падтрымліваюць тых, хто ў Віцебску. Вызначымся з кнігамі і зробім дастаўку».

Па словах Алы, цяпер найбольш запатрабаваныя сямейныя гульні і гульні з простымі ўмовамі. Апошняе — каб бацькі маглі вызваліць для сябе час на карантыне, а дзеці займаліся самастойна. Больш сталі набываць літаратуры займальных фарматаў — лябірынты, вімэльбухі, працоўныя сшыткі. У кнігарні адзначаюць, што імкліва разабралі ўсяго Гары Потэра.

Кнігі на машыне развозіць Ала альбо яе муж, выконваючы неабходныя захады засьцярогі.

«Мы працуем у масцы і пальчатках, — кажа яна. — Папярэдне дамаўляемся з кліентамі: хтосьці просіць да балькона паднесьці альбо пакінуць каля дзьвярэй. Нельга сказаць, што бескантактная дастаўка — гэта мэйнстрым. Людзі перадусім просяць, каб гэта было гігіенічна».

Па мажлівасьці апрацоўваюцца нават кнігі

У «Абажурчыку» вялікі выбар дзіцячых кніг для розных узростаў — ад усясьветнай клясыкі да сучаснай беларускай і перакладной літаратуры. Кожную кнігу Ала перачытвае, каб найбольш дакладна падабраць чытво згодна з асаблівасьцямі характару дзіцяці. Кансультацыі і дапамога ў выбары кнігі — тое, што адрозьнівае «Абажурчык» ад большасьці кнігарняў гораду.

Ала супрацоўнічае з шэрагам буйных дзяржаўных і невялікіх прыватных выдавецтваў. У апошні час адзначае ў Віцебску цікавасьць да беларускамоўнай літаратуры. Зь беларускіх кнігавыдаўцоў вылучае «Кнігазбор», «Галіяфы», «Папуры». Прыглядаецца да «Коскі».

«Некаторыя выдавецтвы цяпер зьніжаюць цэны закупу, каб падтрымаць прыватныя кнігарні, — адзначае Ала. — На гэтым тыдні ў „Абажурчык“ прыйшлі дзьве скрыні кніг ад выдавецтва „Розовый жираф“ па надзвычай прыемных цэнах. Ва ўмовах карантыну ў кнігарню таксама даехалі кнігі ад двух беларускіх выдавецтваў. Тавар ёсьць і даступны. Мы стараемся стрымліваць цэны».

Нягледзячы на тое, што кліентаў у краме амаль няма, у «Абажурчыку» таксама дзейнічаюць прафіляктычныя захады. У кнігарні апрацоўваюцца паверхні — ручкі, сталы, касавы апарат, тэрмінал. Па мажлівасьці апрацоўваюцца нават кнігі — вільготнымі антыбактэрыяльнымі сурвэткамі праціраюцца сьпінкі. У кнігарні прыбралі дзіцячую зону зь мяккімі цацкамі, кнігамі, флямастэрамі, размалёўкамі. А кансультант працуе ў масцы.

«Нават у звычайны час продаж кніг ня быў прыбытковым»

Сваю справу Ала называе хобі, ня бізнэсам. Нават у звычайны час продаж кніг ня быў прыбытковым. У 2018-м гадавы прыбытак «Абажурчыка» склаў 99 даляраў. Летась гаспадыня адзначае прырост у 28%. «Абажурчык» — сямейная справа. Ала працуе ў кнігарні — стварае асартымэнт і афішу, вядзе сацыяльныя сеткі. Муж вядзе дакумэнтацыю. Ім дапамагае кансультант Алёна.

«Такія праекты, як наш, працуюць падобным чынам: дзесьці ёсьць нейкая датацыя, дзесьці мэцэнацтва, партнэрства з кімсьці. У мяне ёсьць муж, які працуе ня тут, — кажа Ала. — Ён можа спансаваць частку выдаткаў са сваёй зарплаты. Часам гэта яго прыгнятае. Часам зьяўляюцца думкі аб закрыцьці. Аднак пэрспэктыва таго, што жонка шчасьлівая, яго спыняе».

Па падліках суразмоўцы, каб кнігарня працавала, выручка за месяц павінна складаць ня менш за тры тысячы беларускіх рублёў. Грошы ідуць на арэнду памяшканьня, камунальныя плацяжы, падаткі, касавае абслугоўваньне, зарплату бухгальтару і кансультантам.

«Мая афіцыйная зарплата — 198 рублёў на месяц. Алёна атрымлівае столькі ж. Усё празрыста. Мы плацім падаткі і выдатна будзем адчуваць сябе на пэнсіі», — кажа Ала.

Ва ўмовах крызісу ў кнігарні імкнуцца захаваць працоўныя месцы.

«Час ад 15-й да 19-й разглядаем як поўны працоўны дзень, — тлумачыць Ала. — Гэта было рашэньне Алёны — працягваць працаваць. Яна ў масцы, людзей у краме няма, яна ні з кім не кантактуе. Гэта агульная віцебская тэндэнцыя. Людзі вырашаюць працаваць. Хвалююцца, што могуць страціць заробак. Алёна можа сысьці ў любы час — з захаваньнем працоўнага месца. Мы забясьпечым яе працай онлайн».

«Пакуль я аптымізму не губляю»

Ала кажа, што цалкам закрываць кнігарню не зьбіраецца. У гандлёвым цэнтры памяшканьні арандуюць дзясяткі індывідуальных прадпрымальнікаў. Праз адсутнасьць кліентаў цярпяць усе. Аднак арэндную плату ніхто не адмяняе.

«Арандатары склалі да ўласьніка цэнтру калектыўны ліст, у якім прапанавалі зьнізіць арэнду на 50% для тых, хто працуе. Тым, хто закрываецца на карантын, лічыць па адным даляры за квадратны мэтар, як складзкое памяшканьне, — расказвае суразмоўца. — Уласьнік індывідуальна падышоў да кожнага».

У прыватнасьці, «Абажурчыку» на 34% зьнізілі арэндную стаўку на красавік.

«Пакуль я аптымізму не губляю. У нас невялікае памяшканьне — 24 квадраты. Спадзяюся, мы зможам яго ўтрымліваць, — кажа Ала. — Вядома, нам было б добра, каб увесь цэнтар закрылі на карантын. З нас як з ІП немагчыма было б здымаць арэнду. Аднак уласьнік цэнтру таксама цярпіць у гэтым выпадку».

Ала працягвае працаваць, каб не згубіць тое, што стварала цягам апошніх пяці гадоў. Яна ўдзячная ўсім, хто ў гэты няпросты час працягвае набываць кнігі.

«Зрэшты, няважна, што набываць. Важна, як гэта адбіваецца на сямейным клімаце. Калі гэта дапамагае правесьці добра час, супакоіцца, мяне гэта цешыць», — кажа Ала.

За апошнія тыдні Ала атрымлівае водгукі ад кліентаў, як кнігі з «Абажурчыка» падтрымліваюць сем’і, дапамагаюць заняць дзяцей, якія цяпер шмат часу знаходзяцца дома. Падтрымка ў гэты час асабліва важная, упэўненая Ала. У сваіх сацсетках яна запусьціла акцыю «Кнігі майго дзяцінства».

«Кнігай, якая ў нас калісьці была, можна выклікаць цёплыя пачуцьці, асабліва неабходныя на фоне каранавіруснай трывогі», — кажа яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу. Дадаліся новыя магчымасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіна на карантыне без карантыну. Чыноўнікі вядуць прыёмы дыстанцыйна, але настаўнікі ходзяць на працу