У аднаго з работнікаў менскага заводу халадзільнікаў «Атлянт», які працуе майстрам, 5 красавіка выявілі каранавірус.
«Ён быў ужо ў лякарні», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў адміністрацыі прадпрыемства.
«Яшчэ двое знаходзяцца на карантыне ў бальніцы як кантакты 1-га ўзроўню. Пакуль ніякай катастрофы няма. Працуем у поўным аб’ёме, ніякай панікі, усё нармальна».
На прадпрыемстве робяцца прафіляктычныя захады. Людзей стараюцца разьвесьці, каб паміж сабой не кантактавалі, каб не зьбіраліся на прахадных, абедах ці перакурах. Вядзецца тлумачальная праца пра сацыяльную адказнасьць. У мэдыка-санітарную частку накіроўваюць тых, хто дрэнна чуецца, некаторым прапануюць самаізалявацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 1 красавіка рэзкі рост. Каранавірус у Беларусі адным графікамРаботнікі, якія кантактуюць з замежнікамі, працуюць у ахоўных масках, бо ідзе пастаўка камплектуючых. Асаблівы рэжым бясьпекі прадугледжаны для аховы, для тых, хто афармляе дакумэнты, для кіроўцаў пагрузчыкаў.
Паводле афіцыйнай статыстыкі выпадкаў COVID-19 у Беларусі на 6 красавіка, у краіне пацьверджаныя 700 выпадкаў заражэньня каранавірусам. Зь іх 13 чалавек памерлі, 634 чалавекі лекуюцца ў шпіталях, 53 чаалвекі выпісаныя здаровымі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ