Папа Францішак, як піша агенцтва Reuters, адзначаў сюррэалістычную Вербную нядзелю ў пустой базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме. Гэтак незвычайна ў католікаў пачаўся Вялікі тыдзень.
Падчас казаньня папа Францішак заклікаў людзей ва ўмовах пандэміі каранавірусу падумаць пра тое, як можна дапамагчы аблегчыць пакуты іншых:
«Давайце падумаем не пра тое, чаго нам не хапае, а пра тое дабро, якое мы можам зрабіць».
У набажэнства на Пальмавую (Вербную) нядзелю на плошчы Сьвятога Пятра звычайна ўдзельнічаюць дзясяткі тысяч людзей. Службе звычайна папярэднічае доўгая працэсія кардыналаў, сьвятароў і вернікаў, якія нясуць пальмавыя галіны.
На гэты раз Папа служыў на невялікім алтары базылікі Сьвятога Пятра, як знаходзіцца за галоўным алтаром. У службе ўдзельнічалі толькі каля двух дзясяткаў чалавек, у тым ліку некалькі памочнікаў, манашак і зьменшаны хор, удзельнікі якога стаялі на дыстанцыі адзін ад аднаго.
Імша трансьлявалася па тэлебачаньні і праз Інтэрнэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баімся, але ідзём». Горадня адзначае Вербніцу падчас пандэміі. ФОТА
У канцы казаньня Папа зьвярнуўся да моладзі, паколькі ў Вербную нядзелю ва ўсім сьвеце адзначаецца Сусьветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні.
«Дарагія сябры, паглядзіце на сапраўдных герояў, якія зьяўляюцца ў гэты час: ня тых, у каго слава, грошы і посьпех, але тых, хто аддае сябе, каб паслужыць іншым, — сказаў Папа Францішак. — Ня бойцеся аддаць жыцьцё для Бога і для людзей, ад гэтага вы толькi выйграеце! Жыцьцё — гэта дар, які мы атрымліваем, аддаючы. Бо самая вялікая радасьць — гэта сказаць „так“ любові без агаворак, як гэта зрабіў Ісус дзеля нас з вамі».
Шэсце на Вялікую пятніцу — Крыжовы шлях, які звычайна праходзіць вакол Рымскага Калізэю, замест гэтага пройдзе ў адносна невялікім атрыюме базылікі Сьвятога Пятра.
- У Ватыкане таксама ўведзеныя карантынныя меры. У Італіі ад 21 лютага загінула звыш 15,5 тысяч чалавек, зафіксавана амаль 125 000 выпадкаў каранавіруса, у Ватыкане — 7.
- Папа і яго найбліжэйшыя памочнікі здалі тэсты на каранавірус, якія аказаліся нэгатыўныя.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ