Колькасьць выяўленых выпадкаў заражэньня каранавірусам у сьвеце да сярэдзіны дня 5 красавіка перавысіла 1 мільён 200 тысяч, колькасьць памерлых з прычыны каранавіруснай інфэкцыі – 65 тысяч. Ачунялі больш за 250 тысяч чалавек.
За мінулыя суткі было зафіксавана больш за 80 тысяч новых выпадкаў інфікаваньня, гэта менш, чым 3 красавіка, калі іх было больш за 100 тысяч. Памерлі за 4 красавіка больш як 5800 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пацьвердзілі 562 выпадкі каранавірусу і 8 сьмерцяўУ Беларусі па стане на 5 красавіка Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіла 562 выпадкі каранавірусу і 8 сьмерцяў
Статыстыка шэрагу апошніх дзён у некалькіх краінах Эўропы, у якіх інфэкцыя раней шырока распаўсюдзілася, сьведчыць аб некаторай стабілізацыі сытуацыі.
У Італіі напярэдадні зафіксаваная 681 сьмерць ад COVID-19, гэта найменшы паказьнік за некалькі дзён. Упершыню з пачатку эпідэміі зьменшылася колькасьць пацыентаў у палатах інтэнсіўнай тэрапіі.
Ужо тры дні зьніжаецца колькасьць сьмерцяў і ў Гішпаніі. Напярэдадні іх было 674 – у параўнаньні з 809 у пятніцу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Нямеччыне некалькі дзён запар зьніжаецца колькасьць выяўленых інфікаваных. У суботу ўпершыню за 4 дні іх было менш за 5 тысяч.
Менш выпадкаў у суботу было выяўлена і ў Вялікабрытаніі. Там, аднак, расьце колькасьць сьмерцяў за дзень – у суботу быў усталяваны новы рэкорд, 708 за суткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баімся, але ідзём». Горадня адзначае Вербніцу падчас пандэміі. ФОТАПа-ранейшаму хуткімі тэмпамі расьце колькасьць інфікаваных ў Турэччыне і Ўкраіне. Наадварот, яна пасьлядоўна зьніжаецца ў Аўстраліі. У Кітаі, адкуль інфэкцыя пачала распаўсюджвацца па сьвеце, за мінулыя суткі толькі 30 выпадкаў заражэньня.
У Расеі, паводле апошніх афіцыйных дадзеных, больш за 5 тысяч інфікаваных і 45 памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі.
У Злучаных Штатах па-ранейшаму працягваецца рост колькасьці новых выпадкаў інфэкцыі. За мінулыя суткі выяўлена каля 35 тысяч новых выпадкаў і больш за 1300 сьмяротных выпадкаў. Агульная колькасьць інфікаваных у краіне перавысіла 300 тысяч – гэта з вялікім адрывам першае месца ў сьвеце. Каля 115 тысяч інфікаваных і амаль палова ўсіх сьмерцяў – у штаце Нью-Ёрк. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў, што наступныя два тыдні будуць самымі цяжкімі, у тым ліку і па колькасьці сьмерцяў.
Першы выпадак інфікаваньня каранавірусам у нядзелю выяўлены ў Паўднёвым Судане. Паводле афіцыйных дадзеных, каранавірусу няма толькі ў Емэне, Лесота, Паўночнай Карэі, Таджыкістане, Туркмэністане, а таксама ў шэрагу астраўных дзяржаў Ціхага акіяну.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ