У Віцебскай вобласьці, другім па колькасьці хворых на каранавірус рэгіёне Беларусі, за суткі ня выявілі ніводнага новага выпадку COVID-19. Новых сьмерцяў ад каранавірусу таксама не зафіксавалі.
Пра гэта паведаміў 4 красавіка намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя аблвыканкаму Мікалай Касьпіровіч на пасяджэньні абласнога штаба па барацьбе з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі, пішуць «Віцьбічы».
Паводле Касьпіровіча, ёсьць папярэдне станоўчыя вынікі тэстаў, якія пераправяраюцца.
Пасьля завяршэньня лекаваньня ад пнэўманіі звычайнай этыялёгіі (віруснай, бактэрыяльнай) выпісалі 75 чалавек.
Прырост захворваньня рэсьпіраторнымі інфэкцыямі па Віцебшчыне на мінулым тыдні склаў 13,7% (па Віцебску — 16,9%). У палове рэгіёнаў ідзе яго зьніжэньне.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віцебскай вобласьці Ўладзімер Сінкевіч дадаў, што ўчора правялі дэзінфэкцыю чыгуначнага і аўтавакзалаў. Увечары мералі тэмпэратуру людзям, якія там знаходзіліся.
Кропкавыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы праводзяцца на аб'ектах, дзе рэгістраваліся факты захворваньня на COVID-19.
Паводле стану на 3 красавіка, у Віцебску ад пнэўманіі, ускладненай каранавірусам, памерлі тры чалавекі. З 351 зарэгістраванага выпадку каранавірусу — 89 у Віцебскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскія ўлады перайшлі на дыстанцыйны прыём грамадзянаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ